Паводле Русаса Кундораўса, сьпікера місіі краіны-старшыні Эўразьвязу — Грэцыі, дакумэнт адносна характару супрацоўніцтва зь Менскам, Кіевам і Кішынэвам, мусіць быць падрыхтаваны цягам двух наступных месяцаў і затым перададзены на разгляд Эўрапейскай рады міністраў.
Як падкрэсьліў спадар Кундораўс, пашырэньне Эўропы не павінна пашкодзіць законным інтарэсам яе новых суседзяў. Пры гэтым брусэльскія палітыкі лічаць, што ў сваю чаргу, Беларусь, Украіна ды Малдова мусяць таксама прыкласьці ўласныя намаганьні для таго, каб наладзіць больш блізкія дачыненьні з Эўразьвязам.
Напярэдадні нямецкі амбасадар у Менску Гельмут Фрык, адказваючы на пытаньне “Свабоды”, заявіў, што не выключае тэарэтычнай магчымасьці сяброўства Беларусі ў Эўрапейскім Зьвязе і НАТО. Як вядома, нямецкая амбасада ў Менску зараз прадстаўляе інтарэсы Брусэля. У самім Брусэлі, паводле нямецкіх інфармацыйных крыніцаў, лічаць, што разьвіцьцё двухбаковых дачыненьняў залежыць ад правядзеньня ў краіне эканамічных рэфомаў ды будаўніцтва такой палітычнай сыстэмы, якая б нагадвала палітычныя сыстэмы Эўразьвязу.