У МЕНСКУ ПЕРАКРЫЛІ ЦЭНТАР ГОРАДУ

Алег Грузьдзіловіч, Менск

Панядзелак — цяжкі дзень, сьцьвярджае вядомая прымаўка. Але хто зь менчукоў мог падумаць, што панядзелак 20 студзеня стане днём надзвычайных нагрузак для нэрваў і фізычных сілаў тых, каму трэба было ў цэнтар гораду ці хаця б праехаць праз цэнтар у іншы раён.

(Дыктар: ) “Станцыя “Купалаўская” часова не працуе, цягнік едзе без прыпынку!” — такой абвесткай сустрэлі мяне на станцыі мэтро “Пушкінская”.

На працілеглым баку лініі, як я потым даведаўся, гучалі аналягічныя папярэджаньні. Гэтак сама пра “часовую неработу” станцыі “Кастрычніцкая” абвяшчалі на лініі ўздоўж праспэкту Скарыны. Добра, што гэтыя аб’явы гучалі яшчэ да ўваходу ў мэтро, але што гэта магло зьмяніць?

Для двухмільённага Менску мэтро — галоўны транспарт, абедзьве лініі якога ідуць праз цэнтар. Таму прыпыніць станцыі перасячэньня лініяў — усё роўна што заціснуць сонную артэрыю на шыі чалавека. Вялікі натоўп ля Кастрычніцкай плошчы прадэманстраваў мне, наколькі абуранымі могуць быць людзі, якіх міліцэйскі заслон не пускае ў мэтро і адначасова не дазваляе ісьці пешшу ўздоўж праспэкту.

(Спадарыня: ) “У мяне няма нават словаў, каб ацаніць гэтыя захады бясьпекі! Бо ўся мая праца з-за іх сёньня марная”, — сказала мне жанчына, якая назвалася Людмілай.

Яна прадпрымальніца і сёньня мусіла была падпісаць шэраг істотных дакумэнтаў для свайго бізнэсу, але прызначаныя сустрэчы сарваліся. У падобным становішчы чалавека, у якога ляцяць ўсе пляны, апынуўся і Ўладзімер. Вось як ён ставіцца да пагрозы тэракту супраць прэзыдэнта Пуціна ў Менску:

(Уладзімер: ) “Яна занадта перабольшаная, на жаль. Абсалютна ніякай тут пагрозы няма”.

Аўтамабіль іншага майго суразмоўцы ў 10 гадзінаў раніцы спынілі ля плошчы Якуба Коласа. У цэнтар мусілі праехаць Уладзімер Пуцін і Аляксандар Лукашэнка, але калі гэта адбудзецца, супрацоўнікі ДАІ не казалі, і таму мужчыну давялося кінуць своё аўто і пайсьці далей пешшу. Ён ходзіць ўжо дзьве гадзіны, увесь час натыкаючыся на міліцэйскія заслоны і разважае над асабістай вэрсіяй надзвычайных захадаў бясьпекі ў цэнтры Менску:

(Спадар: ) “Мяркую, наш паважаны інтэгратар пасьля таго, як гэтак непаважна выказаўся пра Расею, спрабуе праз танныя захады неяк схіліць яе на сваю карысьць. Вось колькі з Расеі прыяжджалі, той самы Ельцын, але такога ніколі не было. Лічу, гэта несалідна”.

Станцыі мэтро “Купалаўская” і “Кастрычніцкая” не працавалі з 10 раніцы амаль да 17 гадзінаў дня. Столькі ж працягвалася забарона праходзіць у цэнтар гораду ў квадрат вуліцаў Леніна, Інтэрнацыянальная, Янкі Купалы, Кірава. Паводле маіх назіраньняў, уздоўж гэтага квадрату на вуліцах і ў дварах стаялі дзясяткі аўтобусаў зь міліцыянтамі і маладымі мужчынамі ў цывільным.

Пераапрананьне міліцыянтаў, дарэчы, стала асаблівасьцю цяперашняга візыту Ўладзіміра Пуціна. Магчыма, гэта было прыдумана дзеля таго, каб Уладзімеру Пуціну з аўтамабіля не падалося, што ад менчукоў яго ахоўвае ўся гарадзкая міліцыя разам з унутранымі войскамі. Вось як патлумачыў незвычайную вопратку сваіх калегаў прэсавы сакратар МУС Зьміцер Партон:

(Партон: ) “Ёсьць пэўныя службы, якія працуюць у цывільным адзеньні. Таксама дзеля забесьпячэньня бясьпекі. Каб адсочваць становішча, прадухіляць непажаданыя выпадкі, вырашаць надзвычайныя сытуацыі і адначасова каб на іх не зьвярталі ўвагу”.

Зьміцер Партон паведаміў, што 20 студзеня ўся менская міліцыя працавала ў поўным складзе і паводле адмысловага пляну. Нават быў створаны часовы штаб, які каардынаваў дзеяньні розных службаў. Гэтыя захады прэсавы сакратар Міністэрства ўнутраных справаў патлумачыў “рэальнай небясьпекай тэрактаў супраць кіраўніцтва Расеі ў сувязі з падзеямі ў гэтай краіне”.