ЦІ ЗАСТАНЕЦЦА МІКІ МАЎС ВА ЎЛАСНАСЬЦІ WALT DISNEY CO.?

Алеся Сёмуха, Вашынгтон

У 1998 годзе Кангрэс ЗША замацаваў копірайт за творцам на ўсё яго жыцьцё і за спадкаемцамі – на 70 гадоў. Раней копірайт захоўваўся за спадкаемцамі 50 гадоў. Карпарацыі маюць права ўтрыманьня копірайту на 95 гадоў ад моманту першай публікацыі.

Прыхільнікі падаўжэньня тэрміну жыцьця копірайтаў сьцьвярджаюць, што такі падыход стымулюе творчасьць і гарманізуе заканадаўства ЗША ў гэтай сфэры з законамі краін Эўрапейскага Зьвязу.

Праціўнікі, наадварот, бачаць у падоўжаных копірайтах пагрозу свабодзе слова і вольнаму пашырэньню інфармацыі. Адзін з найбольш актыўных адвакатаў абмежаваньня часу дзеяньня копірайтаў, юрыст і прафэсар Стэнфардзкага унівэрсытэту Лорэнс Лесінг лічыць, што магутныя карпарацыі, такія, як Disney, кантралююць такім чынам доступ да мастацтва і інфармацыі.

У абодвух лягерах шмат вядомых асоб. Сярод прыхільнікаў закону такія музыкі, як Боб Дылан і Карлас Сантана, спадкаемцы Гершвіна і карпарацыі Disney ды AOL Time Warner. Рэй у кааліцыі праціўнікаў вядуць пераважна Інтэрнэт-кампаніі і навукоўцы, як напрыклад атрымальнікі Нобэлеўскай прэміі ў эканоміцы Мільтан Фрыдман і Кенэт Ароў.

Рашэньне Вярхоўнага Суду ЗША падоўжыць права на копірайт азначае, што творцы і іх нашчадкі могуць долей кантраляваць публічнае абарачэньне твораў мастацва і атрымліваць ад іх продажу ці выкарыстаньня аўтарскія ганарары. Так што першыя мультфільмы пра Мікі Маўса і надалей застануцца ва ўласнасьці Walt Disney Co.