БРСМ АТРЫМАЎ БЮДЖЭТНАЕ ФІНАНСАВАНЬНЕ

Ігар Карней, Менск

У цэнтральным камітэце БРСМ ня кажуць, які менавіта памер дзяржаўнага фінансаваньня прадугледжаны ўказам, спасылаючыся на тое, што падпісаны ён толькі напярэдадні. Але акцэнтуюць увагу на тым, што бюджэтныя грошы ім неабходныя выключна на пераходны пэрыяд. Гаворыць дарадца кіраўніка ў справах ідэалёгіі БРСМ Натальля Ўрублеўская:

(Урублеўская: ) “Нам далі матэрыяльную падтрымку на тры гады, потым мы павінны перайсьці на поўнае самафінансаваньне. Іншымі словамі, мусім самі на сябе зарабляць і цалкам утрымліваць арганізацыю. Пераход на самаакупляльнасьць ужо пралічаны. Дзеля гэтага прадстаўнікі БРСМ ўведзеныя ва ўсе міністэрскія і ведамасныя калегіі, ёсьць адмысловая эканамічная праграма”.

Як новыя камсамольцы будуць зарабляць грошы, пакуль таксама застаецца таямніцай. Прынамсі, стварэньне нейкіх камэрцыйных структураў пад эгідай грамадзкай арганізацыі забаронена заканадаўствам. Колісь папярэднік рэспубліканскага саюзу моладзі, БПСМ, вызначыўся сэрыяй гучных скандалаў, калі распачаў займацца бізнэсам насуперак як закону, так і ўласнаму статуту.

У БРСМ кажуць, што гэткім шляхам ісьці не зьбіраюцца. У пэрспэктыве яны разьлічваюць на сяброўскія ўнёскі і дапамогу бюджэтных арганізацыяў. Натальля Ўрублеўская дадала, што ўжо распачатая кампанія наладжваньня сталых сувязяў з суб’ектамі гаспадараньня. А ў гэтак званы стары новы год адроджаная практыка савецкага часу: сустрэча камсамольскага актыву з кіраўнікамі творчых саюзаў. Кіраўнікі новага камсамолу плянуюць нават аднавіць адмысловую прэмію сваёй арганізацыі ў галіне мастацтва.

Праўда, ня ўсе кіраўнікі саюзаў мяркуюць, што супрацоўніцтва з БРСМ будзе мець нейкі плён. Старшыня Саюзу мастакоў Уладзімер Басалыга лічыць, што для сталага кантактаваньня няма агульных падставаў.
(Басалыга: ) “Ну, якое супрацоўніцтва? Я што, буду камсамольскую арганізацыю ствараць? У мяне зусім іншыя праблемы. Якое можа быць супрацоўніцтва, калі ў маладога чалавека няма месца для працы. Дык што гэта за супрацоўніцтва — каб толькі ўнёскі плаціць? Сёньня ня прэмія важная, а важнае месца для працы мастака. Як ён гэтую прэмію заробіць, калі няма дзе працаваць? Ну, установяць яны адну прэмію. Што мне толку, скажы, калі ласка, калі чалавеку няма дзе рабіць сваю працу? І ўвогуле, у нас прафэсійны саюз, мы прафэсіяналы ў галіне сваёй. Да нас моладзь прыходзіць у 27 гадоў, гэта ўжо ня школьнікі. Дарослых людзей маем са сваімі поглядамі”.

Да сярэдзіны лютага ў шэрагах БРСМ павінен завершыцца перапіс былых “бэпэсээмаўцаў” і “бээсэмаўцаў”. Паводле папярэдніх падлікаў, членскія білеты атрымаюць болей за 200 тысяч хлопцаў і дзяўчат, пераважная большасьць якіх — школьнікі.