“ХАРТЫЯ-97” ПРЭЗЭНТАВАЛА КРОНІКУ ПАРУШЭНЬНЯ ПРАВОЎ ЧАЛАВЕКА Ў 2002 ГОДЗЕ

Альгерд Невяроўскі, Менск

“Хартыя-97” рыхтуе падобную кроніку ўжо другі год запар. Сёлета ў яе ўвайшлі новыя зьвесткі ў справах зьніклых, факты зьдзекаў міліцыі з затрыманых палітыкаў, грамадзкіх дзеячоў і простых грамадзянаў, а таксама арышты дырэктараў прапрыемстваў, уціск свабоды слова, рэлігійных, прафсаюзных і міжнародных арганізацыяў у Беларусі. Гаворыць аўтарка кронікі, каардынатар “Хартыі-97” Людміла Гразнова:

(Гразнова: ) “Стан правоў чалавека пэўна ж не палепшыўся. Улада працягвае ціск на ўсе сэгмэнты грамадзянскай супольнасьці. Асабліва шмат парушэньняў у адносінах да журналістаў. Прозьвішчы Мажэйкі, Маркевіча й Івашкевіча вядомыя ўжо ўсяму сьвету.

Пачаўся сыстэмны ціск на вернікаў. Новы закон Аб рэлігійных арганізацыях ляяльны толькі да Расейскай праваслаўнай царквы і рэпрэсіўны ў адносінах да іншых канфэсіяў.

Трохі меней было фактаў, зьвязаных з парушэньнем правоў актывістаў апазыцыі. У цяжкім стане праблема групы АБСЭ. Прыбралі сп. Віка, не пусьцілі новага амбасадара, прыбралі ўсіх супрацоўнікаў місіі АБСЭ. Гэта скандал, які скончыўся забаронай уезду ў заходнія краіны васьмі высокім чыноўнікам беларускага ўраду. Таксама дабілі прафсаюзы.

Стан правоў чалавека вельмі цяжкі. Улада прэсінгуе, і невыпадкова. Лукашэнка рыхтуецца да трэцяга прэзыдэнцкага тэрміну, і да правядзеньня адпаведнага рэфэрэндуму”.

“Хартыя-97” перадасьць гэты маніторынг у міжнародныя і праваабарончыя арганізацыі, а таксама ўрадам заходніх краінаў.

Актывісты “Хартыі-97” абвесьцілі яшчэ пра адну сваю ініцыятыву. 12 сакавіка ў цэнтры Менску яны мяркуюць правесьці вулічную акцыю пад назваю “Народны марш — За лепшае жыцьцё”. Паводле аднаго з ініцыятараў Зьмітра Бандарэнкі, марш прымеркаваны на пэрыяд паміж 1-м і 2-м турамі выбараў у мясцовыя саветы.

Цяпер ініцыятыўная група вядзе перамовы зь іншымі апазыцыйнымі арганізацыямі ў справе стварэньня агульнага аргкамітэту.