НАВІНЫ ЎСХОДНЯЕ ЭЎРОПЫ

Юры Сьвірко, Прага

Паводле сьпікера, на рэфэрэндум плянуецца вынесьці пытаньне: “Ці падтрымліваеце вы сяброўства Літвы ў Эўрапейскім Зьвязе?” Мяркуецца, што рэфэрэндум пройдзе 11 траўня, але канчаткова дата яшчэ не зацьверджаная. Старшыня Сойму падкрэсьліў, што важна, каб усе кіраўнікі дзяржавы, у тым ліку новаабраны прэзыдэнт Раландас Паксас, працавалі дзеля аднае мэты – перамогі на рэфэрэндуме.

РЫГА. Парлямэнцкая апазыцыя ў Латвіі абураная рашэньнем ураду павялічыць у 3 разы заробак сябрам кабінэту міністраў, у той час як у Латвіі абвешчаны рэжым эканоміі. Апазыцыя лічыць гэтае рашэньне непрымальным і неабгрунтаваным, асабліва ў пачатку дзейнасьці новага ўраду, калі яшчэ ня вырашаныя галоўныя найбольш балючыя сацыяльныя пытаньні. Старшыня фракцыі “За правы чалавека ў адзінай Латвіі” Яніс Юрканс заявіў, што гэтае падвышэньне заробку пахне хутчэй нафталінам, чымсьці новым часам.

Кіроўная партыя ў Латвіі называецца “Новы час”. Кіраўнік фракцыі Народнай партыі Айгарс Калвітыс заявіў, што рашэньне ўраду цалкам супярэчаць абвешчанаму партыяй “Новы час” рэжыму эканоміі. Сярэдні заробак у Латвіі складае 160 латаў (каля 250 даляраў) на месяц. Прэзыдэнт Латвіі мае зарплату 2000 латаў. Пасьля рашэньня ўраду кожны міністар будзе атрымліваць такую ж зарплату, як і прэзыдэнт, а прэм’ер – на 200 латаў больш за кіраўніка дзяржавы.

ТАЛІН. Галяндзкі нафтатанкер “Саксэн”, які меў на борце 5 тысячаў тонаў паліва ды ўчора ўвечары сеў на мель у Талінскай затоцы, змог уначы зьняцца зь мелі ўласнымі сіламі й працягнуць рух. Паводле памежнай варты Эстоніі, уцечкі нафты з танкера не было. Капітан заявіў, што вада пад караблём была, а руху перашкодзіў лёд, які зацёр яго. “Саксэн” мае падвойны корпус і падвойнае днішча. Эстонскія ўлады паведамілі, што гэты танкер выйшаў з эстонскага порту без дазволу.

ТАЛІН. Эстонскі прэзыдэнт Арнольд Руйтэль абраны акадэмікам Украінскае сельскагаспадарчае акадэміі. Адпаведнае пасьведчаньне сёньня ўручыў Руйтэлю прэзыдэнт акадэміі Міхаіл Зубец. Прэзыдэнт Эстоніі ўжо мае званьне ганаровага доктара й прафэсара Ўкраінскага ды Эстоснкага сельскагаспадарчых ўнівэрстытэтаў, а таксама агульных унівэрстытэтаў у Гельсынкі й Нэапалі.

КІЕЎ. Сёньня скончыць сваю працу сьледчая камісія ў справе катастрофы ўкраінскага пасажырскага самлёту Ан-140, які 23 сьнежня пацярпеў катастрофу ў Іране. Сёньня ж вынікі расьследаваньня будуць прадстаўленыя ўраду Ўкраіны. Паводле папярэдняй інфармацыі, усе сыстэмы Ан-140 працавалі нармальна. Запісы “чорнай скрыні” сьведчаць, што бартавая сыстэма папярэдзіла экіпаж пра небясьпеку набліжэньня да зямлі. Аднак дрэнная бачнасьць і вялікая хуткасьць самалёту не далі пілётам магчымасьці выратаваць становішча. Згодна з міжнароднымі правіламі, расьследаваньне праводзіць іранскі бок. Міждзяржаўны авіяцыйны камітэт СНД паведаміў, што афіцыйна прычыны катастрофы будуць абвешчаныя не раней як праз месяц.

ВАРШАВА. Сёньня распачаўся аднадзённы афіцыйны візыт у Польшчу прэм’ер-міністра Ўкраіны Віктара Януковіча. Галоўным пытаньнем падчас ягоных перамоваў з польскімі прэзыдэнтам, прэм’ерам і сьпікерамі палат Сойму будзе будаўніцтва нафтаправоду Адэса—Брады—Гданьск. Януковіч таксама абмяркуе ў Варшаве мажлівыя наступствы заплянаванага на 1 ліпеня бягучага году ўсталяваньня польскім бокам візавага рэжыму для грамадзян Украіны.

КІШЫНЁЎ. Расейская армія аднавіла вываз вайсковай маёмасьці былой 14-й арміі з Прыднястроўя. Як паведаміў штаб Апэратыўнае групы расейскіх войскаў, у першыя дні новага году эшалён з 28 вагонаў зь інжынэрным і мэдычным абсталяваньнем быў адпраўлены ў Расею. Прыднястроўскі лідэр Ігар Сьмірноў падпісаў пратакол, дзе пагадзіўся не перашкаджаць вывазу маёмасьці. Узамен Масква паабяцала яму сьпісаць 100 мільёнаў даляраў доўгу за расейскі газ, што складае чвэрць ад усёй запазычанасьці.

ПРАГА. 25-гадовы паўабаронца праскае футбольнае каманды “Спарта” і зборнае Чэхіі Іржы Ярошык падпісаў 5-гадовы кантракт з маскоўскім клюбам ЦСКА. Расейцы прапанавалі яму за пераход найбуйнейшую суму ў гісторыі футбольнае прэм’ер-лігі Расеі – каля 5 мільёнаў даляраў. Сёньня Іржы Ярошык вылецеў з Прагі ў Маскву.