БЛЯШАНКІ З-ПАД ПІВА ПЕРАТВАРЫЛІСЯ Ў ГАЛАЎНЫ БОЛЬ ДЛЯ НЕМЦАЎ

Кастусь Бандарук, Прага

Мала якая нацыя нагэтулькі дысцыплінаваная ў сэнсе абыходжаньня са сьмецьцем, як немцы. Яны сартуюць хатнія адкіды і ўпакоўкі ў чатыры розныя кантэйнэры для паўторнай пераапрацоўкі на сыравіну. Упакоўкі шматразовага выкарыстаньня, найперш бутэлькі, яны здаюць у супэрмаркеты. Усё гэта тлумачыцца эканоміяй і аховай навакольнага асяродзьдзя, і таму ніхто супраць гэтага не пратэстуе.

Аднак зараз нямецкі ўрад прыдумаў дадатковае выпрабаваньне для цярплівасьці немцаў і ўвёў абавязковы збор алюмініевых бляшанак. Зь 1 студзеня сёлета прадаўцы налічаюць да закупленых напояў у бляшанках і бутэльках ад 25 да 50 цэнтаў. Пакупнік атрымае гэтыя грошы назад, калі верне пустыя ўпакоўкі менавіта ў тую ж краму. Гэта падалося празьмерным нават для немцаў, якія прызвычаеныя да самай вялікай у Эўропе бюракратыі.

Як жа я маю памятаць, дзе я купіў піва? – Пытаецца беспрацоўны электрык Фрыдгэль Прыфэрт, які разам зь сябрамі піў піва ля крамы ў Бэрліне.

Для тых, хто вядзе аселы лад жыцьця, гэта не праблема, але для тых, хто часта падарожнічае, гэта непрымальнае правіла. Калі, напрыклад, нехта набыў піва ў Мюнхене, каб выпіць яго па дарозе ў Штутгарт, ён мусіць захоўваць пустыя банкі, пакуль ня вернецца ў Мюнхен, або адразу выкінуць квіток, і зьмірыцца са стратай грашовага залогу. “У выніку ад гэтага выйграюць толькі ўласьнікі крамаў, бо ня ўсе бляшанкі будуць вернутыя, а залог застанецца ў іх,” – кажа Прыфэрт.

Аднак гандляры таксама незадаволеныя. Яны скардзяццца, што ў іх няма месца для складаваньня, няма машынаў для пераапрацоўкі пустых упаковак. “Куды я іх падзену?” – пытаецца кіраўнік сеткі крамаў з напоямі “Гофман” і паказвае на скрыні зь вернутымі бутэлькамі. Ён лічыць, што са шклянымі бутэлькамі больш праблемаў, чым з бляшанкамі.

Аднак прадаўцоў ня цешыць і пэрспэктыва вазьні з бляшанкамі. Адзін з найбуйнейшых у Нямеччыне танных супэрмаркетаў
“Альдзі” лічыць новае правіла нагэтулькі для сябе невыгодным, што з Новага Году мае намер наагул перастаць прадаваць піва ды іншыя напоі ў бляшанках. Каб пазбыцца старых запасаў напояў, яшчэ тыдзень перад Калядамі Альдзі зьнізіў цэны ў сярэднім на 5 цэнтаў за бляшанку.