СЫМБАЛЬ ВЕРЫ. ВАЖНЫЯ ПАДЗЕІ РЭЛІГІЙНАГА ЖЫЦЬЦЯ Ў 2002 ГОДЗЕ

Кастусь Бандарук, Прага

Ажыўленую рэакцыю ў сьвеце выклікала спроба разбурэньня праваслаўнага храму, а таксама прыняцьцё надзвычай супярэчлівага закону “Аб свабодзе веравызаньняў”, які выклікаў рэзкі супраціў з боку пратэстанцкіх цэркваў Беларусі.

2002 год прынёс далейшае пашырэньне рэлігійнай палітры Беларусі. У пачатку году ў краіне былі зарэгістраваныя 1224 праваслаўныя парафіі, 432 рыма-каталіцкія, 270 абшчынаў хрысьціян-баптыстаў. За апошнія 14 гадоў колькасьць абшчынаў хрысьціянаў веры эвангельскай ўзрасла больш чым у 12 разоў, з 39 да 491 абшчыны.

Здавалася б, усё ў адпаведнасьці зь міжнароднымі нормамі. Аднак за гэты год Беларусь ня раз знаходзілася ў цэнтры ўвагі міжнароднай супольнасьці ня толькі з прычыны палітыкі кіраўніцтва краіны. Дзярждэпартамэнт ЗША, а таксама шэраг міжнародных лідэраў і арганізацыяў выказвалі занепакоенасьць сытуацыяй ў галіне свабоды веравызнаньня ў Беларусі. Дык які быў 2002 год для беларускіх канфэсыяў і вернікаў? З гэтым пытаньнем я зьвярнуўся да актывісткі грамадзянскай ініцыятывы “За свабоду веравызнаньня” Ірыны Жыхар.

(Жыхар: ) “Гэты год быў вельмі складаны для рэлігійных арганізацыяў ў Беларусі, таму што менавіта сёлета, 20 траўня, Палата Прадстаўнікоў прыняла ў першым чытаньні “Закон аб свабодзе веравызнаньня і рэлігійных арганізацыях”. 31 кастрычніка гэты закон быў падпісаны Аляксандрам Лукашэнкам, 5 лістападу ён быў надрукаваны ў газэтах, і гэта значыць, што ён пачаў дзейнічаць.

30 траўня, калі закон пачаў разглядацца ў Палаце прадстаўнікоў, высьветлілася, што рэлігійныя арганізацыі, якія да гэтай пары чатыры разы пісьмова ўдзельнічалі ў законатворчай дзейнасьці, пра канчатковы варыянт закону проста ня ведалі. Азнаёмленае было толькі духавенства Рускай Праваслаўнай Царквы. І гэта падштурхнула шэраг арганізацыяў, а таксама сьвядомых грамадзянаў і вернікаў да таго, каб пачаць супраціўляцца вось такому гвалту. 12 чэрвеня была створаная гарамадзянская ініцыятыва “За свабоднае веравызаньне”, куды ўвайшлі прадстаўнікі самых розных канфэсіяў: ад праваслаўных да крышнаітаў”.

(Бандарук: ) “Трэба адзначыць, што найбольш нэгатыўна адрэагвалі на закон пратэстанцкія цэрквы: баптысты, пяцідзесятнікі, адвэнтысты і хрысьціяне поўнага Эвангельля. Цягам году адбыўся шэраг экумэнічных нарадаў і канфэрэнцыяў з удзелам прадстаўнікоў розных канфэсіяў, у 800 пратэстанцкіх абшчынах прайшлі адмысловыя набажэнствы за тое, каб закон быў адменены. Аднак ён усё ж быў прыняты. Значыць, намаганьні і Вашай арганізацыі былі дарэмныя..?”

(Жыхар: ) “Нам удалося зрабіць так, што дэпутаты адклалі прыняцьцё гэтага закону. 26 чэрвеня дэпутаты ўпершыню пабіліся паміж сабою, і гэта паслужыла стымулам для таго, каб не прымаць закону, адкладсьці яго на восень. Але за адну ноч нешта здарылася. Знайшліся 33 дэпутаты, якія запатрабавалі правесьці паўторнае галасаваньне, і закон быў прыняты з парушэньнем ўсіх рэглямэнтаў. Савет Рэспублікі бачучы, што адбываецца вельмі сур’ёзны напал жарсьцяў, улетку не разглядаў закону, а пачаў разглядаць адразу ў пачатку наступнай сэсіі. 2 кастрычніка сабраліся дэпутаты верхняй палаты і сваю працу пачалі менавіта з разгляду гэтага закону. І мы проста разумеем, што гэтыя падзеі, якія адбываліся вакол закону, яны не выпадковыя”.

(Бандарук: ) “Паводле старшыні камітэту ў справах рэлігіяў і нацыянальнасьцяў пры Савеце Міністраў Станіслава Буко, “галоўная мэта новага закону - захаваньне спакойнай міжканфэсійная сытуацыі”. На ягоную думку, сутнасьць закону ў тым, што ён можа стварыць бар’ер на шляху рэлігійнай экспансіі, перашкодзіць ў разьвівцьці дэструктыўных сэктаў і акультызму, абмежаваць дзейнасьць замежных місіянэраў, аднак пры ўсім гэтым закон прадугледжвае ўсе неабходныя ўмовы для дзейнасьці існуючых зарэгістраваных рэлігіяў. А як на практыцы дзейнічае новы закон? Ці ўжо ёсьць прыклады, як ён скарыстоўваецца? Пытаньне да Ірыны Жыхар”.

(Жыхар: ) “Зараз мы ўжо ведаем факты нерэгістрацыі рэлігійных арганізацыяў. Не была зарэгістраваная ў Берасьці рэлігійная абшчына “Прагрэсіўнага юдаізму”. Падставай для нерэгістрацыі паслужыла тое, што ўжо дзейнічае адна рэлігійная арганізацыя юдэяў. Зараз адмаўляюць у рэгістрацыі найперш гэтак званых “нетрадыцыйных” рэлігійных арганізацыяў. Месяцы 3 таму зьявілася інфармацыя пра тое, як разганялі набажэнствы індуістаў.

Яны абсалютна шчыра зьвярталіся некалькі разоў у камітэт у справах рэлігіяў, аднак бюракраты робяць сваё і пасьлядоўна ім адмаўляюць. І гэта чарговы раз пацьвярджае, што ў Беларусі няма магчымасьці чалавеку самому вызначаць сваё веравызнаньне. На сёньняшні дзень яно цалкам залежыць ад дзяржаўных чыноўнікаў, якія хочуць кантраляваць усе нашыя думкі”.

(Бандарук: ) “Нагадаю, што ў законе існуе запіс, згодна якому дзеля стварэньня новага рэлігійнага аб’яднаньня неабходная наяўнасьць як мінімум 10 абшчынаў аднаго веравызнаньня, зь якіх хаця б адна ажыцьцяўляла сваю дзейнасьць у Беларусі як мінімум 20 гадоў. Рэлігійная суполка павінна налічваць як мінімум 20 чалавек. Гэта істотная перашкода для новых, пераважна пратэстанцкіх абшчынаў. Аднак цягам усяго гэтага году мы паведамлялі пра цяжкасьці, якія спатыкае ў сваёй дзейнасьці праваслаўная абшчына а. Івана Спасюка. Аб тым, як разгортваліся падзеі вакол гэтай абшчыны паведамляе Сяргей Астраўцоў:”.

(Астраўцоў: ) “Для мяне яскравым доказам несвабоды веравызнаньня ў Беларусі ёсьць прыклад Беларускай аўтакефальнай праваслаўнай царквы. На працягу году мне давялося сачыць за падзеямі, якія разгортваліся вакол гэтай царквы. Яны зьвязаныя з будаўніцтвам і разбурэньнем храма ў пасёлку Пагранічны Бераставіцкага раёну.

Напачатку чэрвеня ў ЗША адбыўся Сабор аўтакефальнай царквы. Прыярытэтам яго ўдзельнікі прызналі царкоўнае будаўніцтва ў Беларусі. Сабор прыняў звароты да беларускага кіраўніцтва і да мітрапаліта Філярэта. Уладам нагадалі аб шанаваньні кантытуцыйных правоў усіх вернікаў. Ад Філярэта чакалі, што ён ня будзе перашкаджаць аўтакефальнай царкве.

На Саборы абралі новага першагерарха—мітрапаліта Аляксандра. І новае кіраўніцтва пачало зьбірацца ў Беларусь. Нагодай мела стаць першае набажэнства ў пасёлку Пагранічны на Гарадзеншчыне. Там будаваўся першы храм аўтакефальнай царквы.

Будаўнікі збольшага закончылі Ніжнюю царкву, усталявалі крыжы. Аднак Бераставіцкія раённыя ўлады вырашылі разбурыць недабудаваны храм. Акцыю прызначылі на 25 ліпеня. Напярэдадні вернікі сабраліся і вырашылі дзяжурыць, каб абараніць царкву. Яны пачалі рабіць барыкады.

Назаўтра ўлады прыгналі тэхніку, прыбыў АМОН. Рабочыя руйнаваць храм адмовіліся. А міліцыю вернікі з абразамі ў руках не ўпусьцілі ўнутр Ніжняй царквы. Там прыкулі сябе да калёнаў маладзёны. Жанчыны гаварылі мне, што гатовыя класьціся пад трактар, каб не дапусьціць да разбурэньня храма. Навокал сабраліся дзесяткі людзей з Пагранічнага і навакольных вёсак. Яны падтрымлівалі абаронцаў. Міліцыя затрымала трох чалавек, зь іх—двух журналістаў.

Улады мусілі адкласьці разбурэньне на дзень. 27 ліпеня ў суседнюю Сьвіслач прыляцеў Аляксандар Лукашэнка. У гэтым райцэнтры ўлады зь бюджэту будуюць праваслаўную царкву. Але грошай не хапае. Лукашэнка паабяцаў дапамагчы. А на наступны дзень міліцыя разагнала вернікаў у Пагранічным і ўзяла пад ахову храм. Сьвятару Івану Спасюку зрабілася млосна, ён страціў прытомнасьць і яго даставілі ў бальніцу. Ахвярай змаганьня за храм стаў і сталічны журналіст Валеры Шчукін, яго арыштавалі на 15 сутак.

Райвыканкам даручыў міліцыі знайсьці падставу, каб супраць Спасюка распачаць крымінальную справу. Улады лічаць, што ён будаваў царкву самавольна, без дазволу. Аднак будаваў ён на сваёй зямлі і дазвол у яго быў. Праўда, дазвол на дом у выглядзе царквы. Паколькі самі ж улады не зацьвердзілі праект храма і не зарэгістравалі абшчыну Беларускай аўтакэфальнай праваслаўнай царквы. Каб захаваць манаполію ў Беларусі Рускай праваслаўнай царквы”.

(Бандарук: ) “Дарэчы, у прэамбуле да новага закону гаворыцца пра выключную ролю праваслаўнай царквы ў гістарычным станаўленьні і разьвіцьці духоўных, культурных і дзяржаўных традыцыяў беларускага народу. Праваслаўная царква існуе ў Беларусі больш за 1000 гадоў, але ж каталіцызм таксама 700 гадоў, іслам і юдаізм па 600 гадоў, а пратэстантызм болш за 400. Аднак асаблівай апекай з боку дзяржавы карыстаецца толькі праваслаўная царква. У часе сустрэчы з сябрамі Сыноду Епіскапаў Рускай Праваслаўнай Царквы адназначна заявіў аб гэтым Аляксандар Лукашэнка. Ён сказаў, што не дапусьціць расколу праваслаўнай царквы ў Беларусі. Бадай, упершыню гэтак выразна было засьведчанае яўнае ўмяшаньне сьвецкіх ўладаў у царкоўныя справы. Сяргей Астраўцоў працягвае аповед пра перасьлед царквы а. Івана Спасюка

(Астраўцоў: ) “Што тут можна дадаць? 1 жніўня ўначы ў сьвятле пражэктараў храм у Пагранічным пачалі разбураць. Зламалі крыжы. Царкву ачапіла міліцыя, а сам пасёлак—памежнікі.

Дзяржаўныя газэты, радыё пачалі кампанію ачарненьня аўтакефальнай царквы і Івана Спасюка. Маўляў, ён нібыта хоча раскалоць Рускую праваслаўную царкву ў Беларусі. Хаця ён даўно выйшаў з-пад яе юрысдыкцыі. Увосень абшчына ў Пагранічным зноўку падала дакумэнты на рэгістрацыю. Улады вернікам нават не адказалі. А ў суседняй Сьвіслачы ў просьбе зарэгістраваць абшчыну вернікам адмовілі. У канцы лістападу кіраўніцтва аўтакефальнай царквы ўзяла пад сваю юрысдыкцыю царкоўны прыход у Берасьці. Але прадстаўнікі РПЦ адразу забралі гэты храм.

Нядаўна на царкоўным Сынодзе ў Менску Аляксандар Лукашэнка паабяцаў мітрапаліту Філярэту, што не дазволіць раскалоць “адзіную царкву”. Словы гэтыя азначалі, што Беларуская аўтакефальная праваслаўная царква па-ранейшаму ня мае права на існаваньне ў Беларусі.

Іван Спасюк пачаў рабіць захады, каб зарэгістраваць свой прыход у Маскве, непадалёк ад Крамля. Ня ведаю, можа, там шанцаў крыху болей, чымсьці ў Беларусі?”

(Бандарук: ) “Гаварыў Сяргей Астраўцоў з Горадні. Такім чынам, беларускія ўлады яўна дзейнічаюць ў паразуменьні з праваслаўнай Царквою. Дарэчы, у нашых перадачах мы шмат разоў зьвярталі ўвагу на прывілеяванае становішча праваслаўнай царквы, на вельмі цеснае супрацоўніцтва паміж ёю і дяржаўнымі ўладамі. У палове сьнежня на згаданай вышэй сустрэчы з герархамі Рускай Праваслаўнай Царквы, Аляксандр Лукашэнка сказаў, што ў яго ёсьць сур’ёзныя недапрацоўкі ў ідэалягічнай працы. І вось ў лютым, пры поўнай згодзе Мітрапаліта Філярэта, ён мае намер падпісаць з Царквою адмысловую дамову. Згодна ёй, на базе РПЦ будзе пабудаваная ідэалягічная вэртыкаль…Спадарыня Жыхар. Як Вы ставіцеся да такой сымфоніі паміж царквою і дзяржавай?”

(Жыхар: ) “Гэта ёсьць прынцып дзейнасьці праваслаўнай царквы наагул. Сымфонія з дзяржавай, гэта галоўны прынцып дзейнасьці праваслаўнай царквы. Але ў Беларусі мы ня маем самастойнай праваслаўнай царквы. Клір поўнасьцю прызначаецца Масквою. У нас няма незалежнасьці, таму што ў Беларусі ня дзейнічае наша праваслаўная царква”.

(Бандарук: ) “Вяртаючыся да пытаньня закону, трэба адзначыць, што ня ўсе канфэсіі паставіліся да яго аднолькава. Выразна падтрымала яго толькі праваслаўная царква. Рыма-каталіцкая царква ў Беларусі заняла нэйтральную пазыцыю. Аднак прадстаўнік Ватыкану Архіепіскап Жан-Луі Таўран назваў беларускі закон адным з найбольш рэпрэсіўных законаў што да рэлігіі ў сьвеце. Не было афіцыйных пратэстаў. Нэгатыўна паставіліся да закону грэка-каталікі, юдэі і, найперш, пратэстанты. Магчыма, прыняцьцё гэтага закону было магчымае таму, што сярод канфэсіяў не было поўнага аднадумства?”

(Жыхар: ) “Сытуацыя вакол закону паказала звычайную, традыцыйную хваробу ў Беларусі. Рэлігійныя арганізацыі, як дарэчы грамадзкія, бізнэсовыя ды іншыя арганізацыі на сёньняшні дзень яшчэ ня ўмеюць выступаць супольна ў абарону сваіх правоў. Яны блытаюць свае рэлігійныя догмы і права чалавека на свабоду веравызнаньня. Але я веру ў Бога і я ведаю, што на ўсё ёсьць воля Божая. Будзе так, як Бог заплянаваў для нас, і я думаю, што нам трэба перахварэць на гэтую хваробу”.

(Бандарук: ) “Гаварыла актывістка грамадзянскай ініцыятывы “За свабоду веравызнаньня” Ірына Жыхар. Такім чынам, прыняцьцё новага закону аб свабодзе веравызнаньня зьяўляецца, бадай, галоўнай рэлігійнай падзеяй 2002 году. Прадстаўнікі гэтай грамадзянскай ініцыятвы лічаць, што закон ужо ў хуткім часе можа мець вельмі нэгатыўныя наступствы. “Паляваньне на вядзьмарак” выкліча новую хвалю эміграцыі зь Беларусі.