ВОЛЬФГАНГ БЭРЭНДТ (Wolfgang Behrendt) КРЫТЫКУЕ БЭРЛІН ЗА НЕДАЛЬНАБАЧНУЮ ЎСХОДНЮЮ ПАЛІТЫКУ

Ул. інф.

Гэтае інтэрвію карэспандэнту “Frankfurter Rundschau” –адно з апошніх інтэрвію Вольфганга Бэрэндта ў якасьці дэпутата Бундэстагу. Вядомы сацыял-дэмакрат, які неаднаразова вылучаўся ў нямецкі парлямэнт ад бэрлінскай акругі Шпандаў, у сёлетніх выбарах у Бундэстаг ўдзелу ня браў.

Паўнамоцтвы Вольфганга Бэрэндта як дэпутата, кіраўніка дэлегацыі нямецкіх парлямэнтароў у Стразбуры, дакладчыка ПАРЭ па Беларусі, заканчваюцца роўна празь месяц, пры канцы студзеня. Падсумоўваючы вынікі дзейнасьці нямецкай дэлегацыі (дарэчы, Нямеччыну ў Стразбуры прадстаўляюць 18 дэпутатаў), Вольфганг Бэрэндт не абыходзіцца бяз рэзкай крытыкі на адрас афіцыйнага Бэрліну.

Нямецкая палітыка, лічыць ён, зараз сканцэнтраваная на Эўрапейскім Зьвязе. Тое, што робіць Рада Эўропы на ўсходзе кантынэнту, надзвычай мала хвалюе кіраўніцтва краіны. Барацьба за дэмакратыю і правы чалавека ў такііх небясьпечных рэгіёнах як Чачэнія, Беларусь, Украіна, Расея, па-сутнасьці, застаецца па-за ўвагай нямецкіх палітыкаў.

Вольфганг Бэрэндт ня ўзгадвае канкрэтных імёнаў, аднак ускосна дае зразумець, каго ён мае на ўвазе. Паводле Бэрэндта, Бундэстаг павінен дэлегаваць у Стразбур менавіта тых сваіх прадстаўнікоў, якія могуць плённа і ў поўную моц працаваць на гэтую эўрапейскую структуру. Пакуль жа, сьцьвярджае Бэрэндт, нямецкія парлямэнтары бачаць ў працы ў ПАРЭ ўсяго толькі дадатак да сваёй асноўнай дзейнасьці ў Бундэстагу.

Нямецкі сацыял-дэмакрат спасылаецца на станоўчы досьвед Вялікае Брытаніі – парлямэнтары гэтае краіны на час сваёй дзейнасьці ў Стразбуры вызваленыя ад выкананьня абавязкаў у Лёндане.

Тое, што Бэрлін ў сваёй палітыцы сканцэнтраваўся на тэме Эўразьвязу, надзвычай недальнабачна, - перакананы Вольфганг Бэрэндт. Як вынікае з рашэньняў саміту ў Капэнгагене, хуткім часам шмат усходнеэўрапейскіх краінаў застануцца зачыненымі для астатняй Эўропы. У гэтым зьвязку недаравальна недаацэньваць ролю Рады Эўропы, якая адпаведна свайму мандату павінна спрыяць усталяваньню дэмакратычна- прававога стандарту ў гэтым рэгіёне. Паводле Вольфганга Бэрэндта, асаблівай увагі з боку нямецкіх палітыкаў заслугоўвае і Беларусь. Як вядома, статус гэтай краіны ў ПАРЭ як адмыслова запрошанай прыпынены ў зьвязку з аўтарытарным рэжымам Аляксандра Лукашэнкі. Паводле нямецкага палітыка, сытуацыя са станам дэмакратычных правоў і свабодаў у Беларусі надзвычай складаная. Апошнім часам Менск яшчэ больш ўзмацніў рэпрэсіі супраць апазыцыі, незалежных СМІ, ды праваабарончых групаў, - сьцьвярджае на старонках “Frankfurter Rundschau” Вольфганг Бэрэндт.