Многія мінакі заявілі, што яны дакладна прытрымліваюцца сямейных традыцыяў і сьвяткуюць, адпаведна, каталіцкія альбо праваслаўныя каляды.
(Карэспандэнтка: ) “Ці рыхтуецеся вы да сьвятаў?”
(Спадар: ) “Не рыхтуюся ні да тых, ні да тых, але неяк усё ж адзначаю. Падарункі нейкія, анёлкі купляю для родных”.
(Спадар: ) “Не сьвяткую ні 7-га, ні 25-га”.
(Спадар: ) “Не сьвяткуем увогуле мы Каляды, але падарункі робім. Вось купіў жонцы падарунак”.
Некаторыя мае суразмоўцы да Калядаў не рыхтуюцца ўвогуле, але да сьвята ставяцца з павагаю й нават набываюць падарункі.
(Карэспандэнтка: ) “Якія Каляды звычайна вы адзначаеце — 25 сьнежня, альбо 7 студзеня?”
(Спадарыня: ) “7 студзеня. Пасьля 1 студзеня пачынаю рыхтавацца”.
(Спадар: ) “Каляды каталіцкія, бо я каталік і жонка мая каталічка. Да цешчы едзем у Нясьвіж, там паставім елачку і пойдзем ноччу ў касьцёл”.
(Спадарыня: ) “Кожны свае адзначае. Мы праваслаўныя, дык адзначаем свае”.
(Карэспандэнтка: ) “Ці рыхтуецеся вы да сьвятаў?”
(Спадарыня: ) “Яшчэ як. Я ж каталічка, то стараюся захаваць усе традыцыі”.
(Спадарыня: ) “Канечне, рыхтуемся да 7 студзеня. Вось ужо падарункі пачала набываць”.
(Спадарыня: ) “Сёньня ў нас вігілійная вячэра, куцьця будзе. А заўтра будзе сьвята. І ўсіх каталікоў Беларусі я віншую з гэтым вялікам сьвятам”.
Некаторая частка сярод апытаных сёньня менчукоў казалі, што ахвотна сьвяткуюць Каляды двойчы.
(Спадарыня: ) “Мае продкі каталікі й праваслаўныя, таму мы адзначаем і 25 сьнежня, і 7 студзеня”.
(Спадарыня: ) “Мы адзначаем і 25-га і 7-га, але сёлета не рыхтуемся, бо ў доме рамонт і ў хаце развал”.
(Спадар: ) “Звычайна я сьвяткую і каталіцкія Каляды, і нашыя праваслаўныя, бо мой бацька быў напалову каталіком, а напалову праваслаўным. І елачку ставім, і гасьцей клічам, і ў царкву можам схадзіць”.
Пераважная бальшыня суразмоўцаў паведаміла, што яны абавязкова ўсталёўваюць у сваёй хаце елачку. Частка — выключна натуральную, а некаторыя — штучную.
(Карэспандэнтка: ) “Ці ставіце вы дома елачку й калі так, то штучную ці натуральную?”
(Спадар: ) “Часьцей за ўсё штучную, але сёлета, магчыма, і натуральную”.
(Спадарыня: ) “Абавязкова ставім елачку. Хацелася бы натуральную, але яе трэба пашукаць, набыць. Часу на гэта не заўсёды хапае, а таму ставім штучную”.
(Спадарыня: ) “Натуральную адназначна. Бо пах гэтай елачкі — ужо сьвята ў кватэры”.
(Спадар: ) “Натуральную, канечне, бо гэта ж водар”.
(Спадар: ) “Натуральную звычайна, бо хіба ад штучнай будзе такі водар?”
(Спадарыня: ) “Натуральную, па-першае, вельмі шкада. Па-другое, у мяне ўжо некалькі гадоў штучная — я яе й стаўлю”.
(Спадар: ) “Калі кожны будзе высякаць натуральную елачку, то хутка іх не застанецца зусім”.