ЧАМУ НЕ АДБЫЛАСЯ ЛІБЭРАЛІЗАЦЫЯ?

Валер Карбалевіч, Менск

Удзельнікі: эканамісты Валер Дашкевіч і Леанід Злотнікаў

(Валер Карбалевіч: ) “Падчас прэзыдэнцкіх выбараў і адразу пасьля іх кіраўніцтва Беларусі абвесьціла курс на эканамічную лібэралізацыю. З самага пачатку было відавочна, што на сапраўдную лібэралізацыю, рынкавыя рэформы цяперашні рэжым ня здольны. Беларуская сацыяльная мадэль дастаткова арганічная, усе яе складнікі дапаўняюць адзін аднаго. І зьмена аднаго зь іх можа разбурыць усю канструкцыю.

Таму пытаньне стаяла так: ці здольны рэжым пайсьці на касмэтычную лібэралізацыю? Пад канец году стала зразумела, што ня здольны. Ня выкананыя тыя канкрэтныя абяцаньні, якія даваліся адразу пасьля выбараў. Ня спрошчаная сыстэма рэгістрацыі гаспадарчых суб’ектаў, не адбылося скарачэньня ліцэнзаваных відаў дзейнасьці. Падаткі ня зьніжаныя. Не адбылася заплянаваная прыватызацыя прадпрыемстваў нафтахіміі. Фактычна так і не пачаліся рэформы ў сельскай гаспадарцы, хаця была прынятая адмысловая пастанова ўраду. Чаму ўлады не пайшлі нават на частковую лібэралізацыю эканомікі?”

(Валер Дашкевіч: ) “Справа ў тым, што лібэралізацыя эканомікі магчымая толькі пры ўмове, што адначасова будзе ісьці палітычная дэмакратыя, дэмакратызацыя грамадзтва. Калі ж краіна не гатовая да палітычнай дэмакратыі, ня будзе і эканамічных рэформаў”.

(Карбалевіч: ) “Але мы ведаем многа гістарычных прыкладаў, калі эканамічная лібэралізацыя адбывалася ва ўмовах існаваньня палітычнай дыктатуры. Так было ў Чылі часоў Піначэту, у так званых “азіяцкіх тыграў”.

(Дашкевіч: ) “Ёсьць істотная розьніца паміж тымі краінамі, якія вы ўзгадваеце, і сытуацыяй у Беларусі. Той жа рэжым Піначэта вырас не з сацыялістычнай эканомікі. Эканоміка ў Чылі была капіталістычная.

У Беларусі наадварот. Мы маем справу зь пераходнай эканомікай на шляху ад сацыялізму да капіталізму. Тут неабходныя рэформы зусім іншага тыпу. І калі ў гэтай сытуацыі ня будуць праводзіцца палітычныя рэформы ў кірунку дэмакратызацыі, то і рыначныя лібэральныя рэформы будуць тармазіцца”.

(Леанід Злотнікаў: ) “Па-першае, ёсьць прычыны ідэалягічныя. Каб пайсьці на рынкавыя рэформы, трэба зьмяніць увесь сьветапогляд беларускага кіраўніка і яго атачэньня. Таму што гэты сьветапогляд левы, сацыялістычны.

Па-другое, рынкавыя дачыненьні не сумяшчальныя з аўтарытарным рэжымам. Лукашэнка добра разумее, што рынкавыя рэформы азначаюць страту рычагоў кантролю над эканомікай. А таксама страту падтрымкі свайго электарату. Таму што яго электарат таксама левы. І існуе пагроза страціць падтрымку свайго электарату і не знайсьці падтрымкі правага электарату. Таму ён баіцца за сваю ўладу”.

(Карбалевіч: ) “Аднак нейкія працэсы, якія можна назваць лібэралізацыяй альбо рэформамі, усё ж адбываліся. Але яны тычыліся ў асноўным сацыяльнай сфэры. Адбываўся хуткі рост кошту камунальных паслугаў, частковы пераход на платную аснову сыстэмы аховы здароўя і адукацыі, пераход да адраснай сацыяльнай абароны. Аб’яўлена аб пачатку пэнсійнай рэформы. У бюджэце на будучы год заплянаванае рэзкае скарачэньне льготаў.

Падаецца, што гэтыя дзеяньні ўладаў даволі значныя. Сацыяльны кірунак дзяржаўнай палітыкі быў асаблівым гонарам створанай у Беларусі сацыяльнай мадэлі, асноўным апазнавальным знакам Лукашэнкі як палітыка, галоўным чыньнікам, які зьвязваў яго са сваім устойлівым электаратам. Сам Лукашэнка і дзяржаўныя СМІ на працягу многіх гадоў цьвердзілі, што ў Беларусі, адрозна ад іншых посткамуністычных краінаў, дзяржава захавала сацыяльную сфэру, якая засталася ад савецкага часу, яна ня кінула людзей у “дзікі рынак”, нясе на сабе цяжар сацыяльнай абароны насельніцтва.

І вось на працягу году адбыўся замах на гэтую “сьвятарную карову”, на міт аб Лукашэнку як абаронцу народу ад “жахаў рынку”. Тлумачэньне гэтай зьмены ў палітыцы да прымітыўнасьці простае: няма больш рэсурсаў, грошай на працяг папулісцкай палітыкі. Як кажуць, толькі пачалі добра жыць, як скончыліся грошы.

Калі казаць дакладна, то назваць гэтыя дзеяньні ўладаў рэформамі цяжка. Таму што замест сыстэмы дзяржаўнага фінансаваньня дзяржаўнай сфэры ня створаныя рыначныя мэханізмы, якія б маглі яе замяніць. Больш за тое, праводзілася актыўная барацьба супраць прыватнага сэктару ў сацыяльнай сфэры, прыкладам, супраць прыватных структураў па дастаўцы пэнсіяў ці ў мэдычных установах.

І калі быць дакладным, то адбываецца не рэформа сацыяльнай сфэры, а проста банальнае скідваньне яе зь дзяржаўных плячэй. У выніку мы маем сытуацыю, калі зьмены ў сацыяльнай сфэры, вызваленьне дзяржавы ад значнай часткі функцыяў па сацыяльнай абароне насельніцтва не спалучаецца з рэформамі ў эканамічнай сфэры. Скарачэньне сацыяльных ільготаў не спадарожнічае росту даходаў насельніцтва. Якія наступствы можа мець гэты дысбалянс?”

(Дашкевіч: ) “Справа ў тым, што наша сацыялістычная па духу эканоміка ня мае рэсурсаў падтрымліваць сацыяльную сфэру ў тых аб’ёмах, як яна рабіла раней. Не хапае для гэтага грошай у бюджэце. Галоўнае наступства такой палітыкі: людзі зь невысокімі даходамі будуць жыць горш”.

(Злотнікаў: ) “Гэта быў сапраўдны шок для насельніцтва, асабліва падвышэньне тарыфаў на жыльлёва-камунальныя паслугі. Зьмяншэньне сацыяльнай нагрузкі дзяржавы — вымушаная мера. Дзяржава зьела рэсурсы, якія яна мела.

Наступствы такой палітыкі відавочныя. Гэта пагаршэньне ўзроўню жыцьця насельніцтва, асабліва той часткі, якая бедная. Таму што якраз павышаюцца тарыфы і цэны на тыя тавары й паслугі, якія спажываюць бедныя слаі насельніцтва. Але, я лічу, што выхаду людзей на вуліцы з патрабаваньнямі зьмены ўлады альбо рэформаў не адбудзецца. Можа зьменшыцца колькасьць таго электарату, які падтрымлівае Лукашэнку”.

(Карбалевіч: ) “Падаецца, што спачатку сам Лукашэнка верыў у неабходнасьць і рэальнасьць эканамічнай лібэралізацыі. Магчыма, ён лічыў сытуацыю ў эканоміцы крытычнай. Аднак празь нейкі час упэўніўся ў сацыяльнай стабільнасьці, убачыў, што ні падзеньне ўзроўню жыцьця, ні паборы на жніво і будаўніцтва бібліятэкі, ні ціск на бізнэс ня выклікалі значнага супраціву.

Пратэстныя настроі не набылі публічнага і арганізаванага характару. Адзінае выключэньне — страйкі прыватных прадпрымальнікаў. Але і яны лёгка нэўтралізаваныя. Эканамічны крызыс не перарос у сацыяльны. А калі так, то навошта нешта мяняць? Поўны кантроль над эканомікай — найважнейшы элемэнт створанай Лукашэнкам сацыяльнай мадэлі. І любыя зьмены нясуць вялікія рызыкі для цяперашняга рэжыму.

Галоўны вынік 2002 году: эканамічныя рэформы пачнуцца толькі тады, калі небясьпека для ўлады ад кансэрвацыі сыстэмы пачне перавышаць небясьпеку ад яе зьмены”.