У ПРЭЗЫДЭНЦКАЙ АДМІНІСТРАЦЫІ ГАВОРАЦЬ, ШТО ЛУКАШЭНКА ВЫСТУПАЕ СУПРАЦЬ КУЛЬТУ СВАЁЙ АСОБЫ

Альгерд Невяроўскі, Менск

Баранавіцкія газавікі гавораць, што ініцыятыва іхнага калектыву пра пераназоў занядбанай вуліцы 50-годзьдзя ВЛКСМ у праспэкт імя першага прэзыдэнта патрэбная й своечасовая. Маўляў, толькі ў гэтым выпадку ўлады зробяць капітальны рамонт. Разам з тым, газавікі лічаць, што іхная ініцыятыва ня мае нічога супольнага са стварэньнем культу асобы спадара Лукашэнкі. Гаворыць намесьнік старшыні прафкаму “Баранавічыміжрайгазу” Мікола Бяляеў:

(Бяляеў: ) “Гэтая ініцыятыва паходзіць ад нашых рабочых, ад кіроўцаў аўтамабіляў. Бо 12 гадоў мы ўжо тут жывем, і многія кіраўнікі нам абяцалі, што зробяць гэтую вуліцу. Але імя прэзыдэнта ня ўзгадвалася. Прапанова была такая — зрабіць гэтую вуліцу праспэктам імя першага прэзыдэнта Рэспублікі Беларусь. Добры прэзыдэнт ці нядобры, але ж канстытуцыйны акт адбыўся, прэзыдэнт ёсьць. Гэта праблема вельмі складаная, і, відаць, кіраўнікі нашага гораду ня вельмі ўзрадаваліся. Патрэбныя вялізныя грошы — амаль 400 мільёнаў рублёў”.

Паводле прафсаюзнага актывіста, баранавіцкія ўлады цяпер вывучаюць гэтую праблему. Але ад публічных камэнтароў чыноўнікі адмаўляюцца. Я сёньня спрабаваў паразмаўляць з чыноўніцай аддзелу інфармацыі Баранавіцкага гарвыканкаму і вось які атрымаў адказ:

(Чыноўніца: ) “Што цікавіць Радыё Свабода? Ня дам вам ніякай інфармацыі”.

(Карэспандэнт: ) “Чаму?”

(Чыноўніца: ) “Я ведаю Радыё Свабода”.

Больш грунтоўны камэнтар дала прэсавы сакратар Аляксандра Лукашэнкі Натальля Пяткевіч:

(Пяткевіч: ) “Што тычыцца пераназваньня вуліцаў — гэта кампэтэнцыя не кіраўніка дзяржавы. У прынцыпе, Аляксандар Рыгоравіч вельмі адмоўна ставіцца да любых праяваў культу. Таму што да ўсталяваньня помнікаў і гэтак далей ён заўсёды казаў пра нямэтазгоднасьць гэтых штучных нагрувашчаньняў. Што тычыцца гэтага факту, то ініцыятыва можа быць. Што зробяць мясцовыя ўлады — усё ў рамках іхных паўнамоцтваў паводле закону”.

Прапанова баранавіцкіх газавікоў — ня першая ініцыятыва падобнага кшталту. Так, у 1996 годзе з прапановай надаць імя Лукашэнкі адной з новых вуліцаў Магілёва выступала група грамадзянаў, але беспасьпяхова. Таксама ня быў створаны музэй Аляксандра Лукашэнкі ў ягонай роднай вёсцы Александрыя.

На думку былога прэм’ера Беларусі Міхаіла Чыгіра, абмежаваньне падобных ініцыятываў адбываецца ня толькі з прычыны прыроднай сьціпласьці спадара Лукашэнкі:

(Чыгір: ) “Гэта ёсьць у яго. Але ж ранейшыя спробы праводзіць такія мерапрыемствы ня мелі падтрымкі. Тут ёсьць і розум. Гэта павінна адбывацца, калі чалавек не знаходзіцца пры ўладзе. Таму ён так і сказаў — ушаноўвайце, калі я ня буду пры ўладзе. Я думаю, што з гэтага нічога не атрымаецца. Нейкую незаасфальтаваную вуліцу — і раптам імем Лукашэнкі. Гэта вельмі нізка для Лукашэнкі, і будзе ўспрынята як нейкі зьдзек. А людзі, што гэта прыдумалі, могуць быць і пакараныя”.

Тымчасам у абарону камсамольскай назвы гэтай баранавіцкай вуліцы выступіў цэнтральны камітэт ЛКСМБ. Лідэр беларускіх камсамольцаў Зьміцер Янчанка гаворыць, што ягоныя калегі не дазволяць пераназываць вуліцу, што носіць імя 50-годзьдзя іхнай арганізацыі.