БЕЛАРУСЬ НАЛАДЖВАЕ ГАНДАЛЬ З ІРАНАМ, ІРАКАМ, КРАІНАМІ АРАБСКАГА СЬВЕТУ

Валер Каліноўскі, Менск

У складзе іранскай дэлегацыі 18 бінэсоўцаў — кіраўнікоў кампаніяў, якія займаюцца вытворчасьцю будаўнічых матэрыялаў на чале з намесьнікам дырэктара Цэнтру разьвіцьця экспарту Ірану Хасэйнам Султані. Іх цікавяць магчымасьці пашырэньня сваіх экспартных паставак у Беларусь і супрацоўніцтва зь беларускімі прадпрыемствамі будаўнічага сэктару эканомікі. Візыт арганізаваны іранскай амбасадай у Менску, якая вывучае магчымасьці адкрыцьця тут неўзабаве і іранскага гандлёвага дому.

Прыезд бізнэсоўцаў з Ірану ў Менск супаў зь візытам міністра замежных справаў Беларусі Міхаіла Хвастова ў Сырыю і Ярданію, дзе ён дамовіўся пра падтрымку сумесных праектаў у галіне прамысловасьці, нафтаздабычы і сельскай гаспадаркі ды арганізацыі зборкі беларускіх трактараў у Сырыі.

Гандлёвы таваразварот з краінамі мусульманскага сьвету пакуль вельмі нязначны. Напрыклад, двухбаковы гандаль з Іранам за 10 месяцаў гэтага году склаў усяго каля 15 мільёнаў даляраў.

Інтэнсыфікацыя палітычных і эканамічных адносінаў з краінамі гэтага рэгіёну абумоўленая палітыкай А.Лукашэнкі, — упэўненыя незалежныя экспэрты. Гаворыць вядомы эканаміст Леанід Заіка:

(Заіка: ) “Гэта складае сутнасьць ягонай канцэпцыі: калі краіны Балтыі і Польшча ўваходзяць у НАТО і Эўразьвяз, Беларусь рэагуе на гэта спэцыфічным чынам — яна ўзмацняе свае адносіны з краінамі мусульманскага сьвету, і ў прыватнасьці з тымі краінамі, якія валодаюць нафтадалярамі”.

Леанід Заіка, аднак мяркуе, што спробы афіцыйнага Менску кампэнсаваць за кошт мусульманскага сьвету міжнародную ізаляцыю з боку Захаду малаэфэктыўныя. Тут беларускае кіраўніцтва, як звычайна, грае на мяжы фолу, кажа спадар Заіка. Пакуль беларускі экспарт у Іран і Ірак невялікі, і ў ім няма тавараў падвойнага прызначэньня, Захад гэта церпіць, але да пэўнай мяжы.

Можа наступіць такі момант, калі беларускія сувязі з краінамі, якія аднесеныя ЗША да “восі зла”, могуць выклікаць асаблівую ўвагу на Захадзе і стварыць крызыс, падобны да таго, які перажывае Ўкраіна праз падазрэньні ў продажы Іраку радарных сыстэмаў “Кальчуга”, — упэўнены Леанід Заіка. Ён не выключае, што Беларусь як саюзьнік Расеі выконвае ролю яе выведніка ў мусульманскім рэгіёне.