КАЛГАСЬНІКІ НА ЛУНІНЕЧЧЫНЕ НЯ ХОЧУЦЬ ПРАЦАВАЦЬ ЗАДАРМА

Алег Супрунюк, Берасьцейская вобласьць

Калгас “Гiгант” — ня самы бедны ў Лунiнецкiм раёне. Падчас жнiва некаторыя камбайнэры пасьпелi зарабiць да паўтысячы даляраў. Але з надыходам зiмы сур’ёзныя фiнансавыя праблемы напаткалi й гэтую гаспадарку. Тым, хто працуе на фэрмах, абвесьцiлi, што заробак за лiстапад будзе складаць каля пяцi тысяч рублёў. Калгасныя спэцыялiсты атрымаюць крыху больш грошай.

Гэтая навiна абурыла калгасьнiкаў, i жывёлаводы адмовiлiся icьцi на фэрмы. Кiраўнiцтва гаспадаркi правяло адмысловы сход, на якiм паабяцала перагледзець памеры заробку, з умовай што людзi адновяць працу. Распавядае цялятнiца Яўгенiя Багданец:

(Багданец: ) “Сказалi, што будзе малы заробак, i людзi пачалi таксама крычаць, але пасьля неяк уладкавалася. Робяць зараз. А як будзе i што будзе — хто яго ведае. Цi так i будзе, цi лепей. Робiм, а што будзе, ня ведаем”.

Сёньня фэрмы працуюць у звычайным рэжыме, а калгасьнiкi пачалi атрымліваць заробак — замест пяцi тысяч iм сплацiлi па дванаццаць. Людзi ўсё роўна лiчаць cябе падманутымi, але пакуль ня ведаюць, як запатрабаваць больш грошай за сваю працу.