У ЦЭНТРЫ МЕНСКУ — НАШЭСЬЦЕ ПАЦУКОЎ

Любоў Лунёва, Менск

У цэнтры прафдэзінфэкцыі Савецкага раёну Менску паведамілі, што, сапраўды, гэтая тэрыторыя і раней лічылася небясьпечнай. Апошнім часам адміністрацыя Камароўскага рынку робіць усе неабходныя захады, каб на ягонай тэрыторыі не было пацукоў. Таму грызуны пачалі асвойваць тэрыторыю заводу вылічальнай тэхнікі й жылых дамоў, прылеглых да тэрыторыі рынку. Намесьніца галоўнага лекара цэнтру прафдэзінфэкцыі Ала Чарняўская паведаміла Радыё Свабода:

(Чарняўская: ) “Завод вылічальнай тэхнікі ня здольны нам плаціць ні па заяўкавай сыстэме, ні па дамоўленасьці. Яны нават прапанавалі нам нейкі бартэр, але што яны могуць нам прапанаваць? Пацукі там жывуць і множацца. Пацукі адтуль ідуць у жылыя дамы. Акрамя таго, небясьпечна яшчэ і тое, што яны маюць кляшчоў.

Дамы на вуліцах Куйбышава і Багдановіча пабудаваныя на балоце. Санітарная сытуацыя там жудасная. Дамы асядаюць, зьяўляюцца дзіры, і гэта вельмі зручна для пацукоў. Мы з гэтым змагаемся. Яны множацца ў сьмецьцеправодах і ў падвалах. Трэба гэтым займацца ЖЭСу №49. У ЖРЭА была грашовая запазычанасьць, таму мы летам спынілі працу і, канечне, колькасьць пацукоў значна павялічылася.

Мы ўсё робім, што ад нас залежыць. Мы распаўсюджваем атруту вострага і кумулятыўнага ўзьдзеяньня, калі пацукі паміраюць цягам дзесяці дзён. У гэтым раёне сытуацыя ў жылых дамах вельмі кепская. Пацукі начныя жывёлы і, калі яны ўжо ўдзень ходзяць па пад’ездах, то нічога добрага ў гэтым няма”.

У ЖЭСе №49 нам паведамілі, што сытуацыя пакуль кантралюецца. Але адмыслоўцы лічаць, што большая небясьпека для людзей зыходзіць не столькі ад саміх пацукоў, колькі ад кляшчоў, якіх пераносяць гэтыя пацукі.