ЗАВЯРШАЕЦЦА ЧАРГОВЫ ЭТАП ВЫБАРЧАЙ КАМПАНІІ — ВЫЛУЧЭНЬНЕ КАНДЫДАТАЎ У СКЛАД АКРУГОВЫХ ВЫБАРЧЫХ КАМІСІЯЎ

Уладзімер Глод, Менск

Ужо сёньня можна меркаваць пра тое, што ў складзе акруговых выбарчых камісіяў, як і тэрытарыяльных, што сфармаваныя тыдзень таму, дэмакратаў будзе няшмат. Апазыцыйныя палітычныя партыі накіроўваюць сваіх вылучэнцаў толькі ў тыя камісіі, што ахопліваюць акругі, дзе будуць балятавацца партыйныя кандыдаты. Там, дзе прадстаўнікоў партыяў ня будзе, няма і вылучэньня ў склад камісіяў. Чаму так атрымліваецца, тлумачыць намесьнік старшыні Аб’яднанай грамадзянскай партыі Сяргей Альфер:

(Альфер: ) “Навошта вылучаць сваіх прадстаўнікоў у выбарчыя акругі, дзе абіраюць, напрыклад, дэпутатаў абласных саветаў, калі нашыя людзі там ня будуць абірацца. У нас і так недастаткова сілаў, каб мы маглі “закрыць” усю рэспубліку. Для нас найбольш важная задача “закрыць” тыя раёны, тыя тэрыторыі, дзе ідуць нашыя прадстаўнікі ў адпаведныя саветы. І кожная партыя кіруецца тым жа самым прынцыпам, каб свае інтарэсы былі больш захаваныя. таму кожная партыя так вылучае”.

Выключэньне складае толькі горад Менск, дзе амаль усе апазыцыйныя партыі, напрыклад, тая ж АГП, Лібэральна-дэмакратычная, Партыя камуністаў Беларуская, ўжо вылучылі максымальную колькасьць прэтэндэнтаў у склад девяці акруговых камісіяў: па адной асобе ад кожнай партыі — на кожную акругу.

Акруговыя камісіі возьмуць пад кантроль выбары дэпутатаў узроўню толькі абласных і менскага гарадзкога саветаў. Ахоп выбарцаў тут складае ад 20 да 25 тысяч на акругу. У кожнай вобласьці закон дазваляе мець ад 40 да 60 акруговых камісіяў.

Фармаваньне акруговых выбарчых камісіяў, згодна з законам, пройдзе 14, 15 і 16 сьнежня.