Гэта пераможны для Расеі канец інтрыгі вакол інтэграцыі дзьвюх дзяржаваў. Пуцін катэгарычна адкінуў навязваны яму Лукашэнкам варыянт канфэдэрацыі. Расейскі кіраўнік даказаў, што ён не кіруецца савецкай настальгіяй і яго не задавальняюць пустыя фразы пра былое братэрства рэспублікаў. Лукашэнка прыгразіў павярнуцца на Захад, але Лукашэнка Захаду не патрэбны, затое патрэбная Расея – як саюзьнік у барацьбе зь міжнародным тэрарызмам. У такой сытуацыі, піша Ігар Бунін, беларускі лідэр прайграў: яго нават не пусьцілі ў Прагу, і ў такіх умовах яму заставалася адзінае выйсьце: паўзьці на жываце да Пуціна, што ён і зрабіў.
“Независимая газета” цытуе выказваньні расейскіх аналітыкаў пад агульным загалоўкам “Расея скончыла з крывадушніцтвам”. На думку сябры навуковай рады маскоўскага Цэнтру Карнэгі Аляксея Малавічэнкі, “вялікая заслуга Пуціна ў тым, што ён паказаў Лукашэнку ягонае месца, і ўсе гульні зь беларуска-расейскім адзінствам-закончыліся. Гэткім чынам Расея заявіла, што для яе прыярытэтам зьяўляюцца ейныя нацыянальныя інтарэсы. Кіраўнік расейскага Цэнтру стратэгічных дасьледаваньняў Андрэй Піянткоўскі лічыць, што скончыўшы з крывадушніцтвам, Расея адкрывае шлях да нармальных, сяброўскіх адносінаў зь Беларусьсю, якія будуць разьвівацца, верагодна, ужо пры іншым беларускім лідэры.
Віталь Цэпляеў у “Аргументах и фактах” таксама адзначае, што калі ЗША і Эўразьвяз абвясьцілі Аляксандра Лукашэнку “пэрсонай нон-грата” на сваёй тэрыторыі, яму не заставалася нічога іншага, як мірыцца з Крамлём. Аднак, паводле Цэпляева, ўземаразуменьне ў Валынскім – уяўнае. Хаця днямі Лукашэнка заявіў аб гатоўнасьці балятавацца на трэці тэрмін, аднак, паводле некаторых дадзеных, у Расеі ўжо шукаюць ягонага пераемніка. Адна з кандыдатураў – беларус па нацыянальнасьці, былы генэрал КГБ Савецкага Саюзу, які зараз працуе ў адной з расейскіх камэрцыйных структураў.
На старонках “ Нового времени” Вадзім Дубноў аналізуе прычыны, дзеля якіх Беларусь апынулася сярод краінаў-ізгояў. Паводле аўтара, Лукашэнка зьдзівіў Захад нават болей, чым усе дыктатары на Балканах, у Цэнтральнай Азіі і на Блізкім Усходзе. Ён адзін узнавіў у цэнтры Эўропы стыль кіраваньня эўрапейскіх дыктатараў сярэдзіны 1930-х гадоў, з чырвоным сьцягам эпохі разьвітага сацыялізму.
На думку Вадзіма Дубнова, незважаючы на ваяўнічыя заявы Лукашэнкі, Беларусь – не Паўночная Карэя, і яна ня можа сабе дазволіць ізаляцыю. Зараз абсалютна ясна, што з прычыны неэфэктыўнасьці сваёй эканомікі, агульнай слабасьці рэжыму і ізаляцыі на эўрапейскай прасторы Беларусь ператварылася ў нявольніка Расеі. Лукашэнка больш не самастойны гулец на беларуска-расейскай палітычнай сцэне, – канстатуе Вадзім Дубноў на старонках “Нового времени”.