ПРАКУРАТУРА АДНАВІЛА КРЫМІНАЛЬНУЮ СПРАВУ ПАВОДЛЕ ЗЬНІКНЕНЬНЯ АПЭРАТАРА ОРТ ЗЬМІТРА ЗАВАДЗКАГА

Алег Грузьдзіловіч, Менск

Жонка і маці Зьмітра Завадзкага былі дапытаныя ў транспартнай пракуратуры як сьведкі паводле справы аб ягоным зьнікненьні. Сьледчы Алег Латыпаў паведаміў ім, што крымінальная справа адноўленая. Нагадаю, яна была спыненая больш за год таму — пасьля таго, як яе вылучылі са справы аб злачынствах групоўкі Ігнатовіча. Гэтую групоўку судзілі ў тым ліку за выкраданьне Завадзкага.

Паводле Сьвятланы Завадзкай, цяпер сьледчыя заварушыліся выключна з тае прычыны, што сваякі Завадзкага закідалі пракуратуру скаргамі на бязьдзейнасьць.

(Завадзкая: ) “У мяне ўражаньне, што, калі б мы не даслалі скаргу Шэйману, яны б яшчэ магчыма і год, і два не аднаўлялі гэтай справы. Сьледчы задаваў мне пытаньні дастаткова фармальныя, якія звычайна задаюцца празь нейкі перапынак. Нічога новага. Я ўвогуле была зьдзіўленая, што ў сьледчага пад рукой нават справы не было. Між тым, ён казаў, што зноў працаваць будзе вялікая група сьледчых”.

Паводле Сьвятланы Завадзкай, сьледчы запэўніў, што зноў будуць дапытваць Валерыя Ігнатовіча і ягоных саўдзельнікаў, якіх асудзілі ў тым ліку за выкраданьне Завадзкага. Нібыта пра гэта ў пракуратуры ўжо паклапаціліся, як і пра тое, каб на допытах апынуліся асобы, пра якіх згадваецца ў вядомых грамадзкасьці матэрыялах пра палітычныя зьнікненьні.

І ўсё ж Завадзкая не выключае, што пракуратура толькі імітуе зацікаўленасьць у завяршэньні расьсьледаваньня. Што асабіста да яе, то яна разам з адвакатам Сяргеем Цурком будуць настойваць на тым, што выкраданьне Завадзкага ня ёсьць нейкім бандыцкім эпізодам, і што гэтае злачынства стаіць у адным шэрагу з выкраданьнямі Захаранкі, Ганчара і Красоўскага.