Былыя ўдзельнікі акцыі пратэсту вырашылі заснаваць легальную структуру. Гаворыць адзін з удзельнікаў сходу:
(Мамуль: ) “Мяне завуць Франц Мамуль. Я з гарадзенскага клюбу прадпрымальнікаў. Да сёньняшняга дня ў Беларусі не было такого галіновага аб’яднаньня прадпрымальнікаў. І вось гэтыя людзі — свабодныя, незалежныя, якія самі сябе забясьпечылі працай, самі сабе зрабілі заробак і нават наймаюць іншых людзей на працу, яны зараз стварылі арганізацыю. Гэта вялікая сіла”.
Удзельнікі заснаваўчага сходу вырашылі назваць новую арганізацыю “Пэрспэктывай”. Паводле тлумачэньня ініцыятараў, гэтая назва адлюстроўвае намер прадпрымальнікаў пераадолець цяжкасьці, створаныя ўладамі ў сфэры дробнага бізнэсу. Гаворыць лідэр прадпрымальнікаў Воранаўскага раёну Мікалай Юдзіцкі:
(Юдзіцкі: ) “Арганізацыя патрэбная. Яшчэ як патрэбная. Многія разумеюць гэта. Бо трэба адбівацца ад “наездаў” на нас. Трэба змагацца за гэта, змагацца. Бо нам жыць”.
Як зазначыў адзін зь лідэраў “Пэрспэктывы” Анатоль Шумчанка, улады рыхтуюць беларускім прадпрымальнікам новыя выпрабаваньні.
(Шумчанка: ) “Рыхтуецца дэкрэт, што з 1 студзеня, паводле новага дэкрэту, уводзяцца зьмены. Павялічваецца памер штрафных санкцыяў за вядзеньне прадпрымальніцкай дзейнасьці. Таксама прадпрымальнік мусіць мець дакумэнты пра паходжаньне тавараў. І самае галоўнае, што паралізуе бізнэс, — мытны кантроль тавараў, якія дастаўляюцца з Расеі”.
Сёньняшні сход ухваліў ініцыятыву сьветлагорскіх прадпрымальнікаў пра актыўны ўдзел сяброў “Пэрспэктывы” ў кампаніі па выбарах мясцовых органаў улады. Вось што зазначыў на гэты конт нашаму радыё сябра рады новай арганізацыі Зьміцер Іваноўскі з Горадні:
(Іваноўскі: ) “Удзел у мясцовых выбарах неабходны. Працуючы па канкрэтных праблемах у рэгіёне, у абласным савеце, мы бачым, што 80% праблемаў прадпрымальніцтва могуць вырашацца на мясцовым узроўні. І таму неабходна, каб кансалідаваліся і прадпрымальнікі, і іншыя людзі, і пайшлі на гэтыя выбары”.