БОЛЬШАСЬЦЬ БЕЛАРУСКІХ ПАЛІТЫЧНЫХ ВЯРХОЎ — СУПРАЦЬ ТРЭЦЯГА ПРЭЗЫДЭНЦТВА ЛУКАШЭНКІ

Віталь Цыганкоў, Менск

83% апытаных выступілі супраць адмены канстытуцыйных абмежаваньняў, якія не дазваляюць Аляксандру Лукашэнку займаць прэзыдэнцкую пасаду больш за два тэрміны. Цікава, аднак, што паводле меркаваньня палітыкаў, беларуская намэнклятура падтрымае жаданьне Лукашэнкі ісьці на трэці тэрмін. Гэтак лічаць 43% апытаных, і толькі 16% нязгодныя з гэтым.

“Ці падтрымае насельніцтва імкненьне Лукашэнкі зьмяніць Канстытуцыю і пайсьці на трэці тэрмін?” У адказе на гэтае пытаньне выявілася кардынальнае разыходжаньне падыходаў прадстаўнікоў дзяржаўных і недзяржаўных структураў. У той час як сярод дзяржаўных чыноўнікаў 62% упэўненыя, што насельніцтва падтрымае Лукашэнку, сярод недзяржаўных працаўнікоў такіх знайшлося толькі 10%.

Цікава, што сярод самога насельніцтва, паводле вынікаў дасьледаваньняў НІСЭПД, сёньня толькі 15% гатовыя падтрымаць Лукашэнку ў жаданьні ісьці на трэці тэрмін. Чаму такое разыходжаньне? Вось меркаваньне кіраўніка цэнтру дакумэнтацыі НІСЭПД Уладзімера Дорахава:

(Дорахаў: ) “Многія прадстаўнікі нашай эліты маюць думку наконт нашай сытуацыі, зыходзячы не з аб’ектыўных дадзеных, а са сваіх інтарэсаў, праграмных, ідэалягічных установак. Магчыма, камусьці з нашых экспэртаў нявыгадна ведаць сапраўдную сытуацыю, нявыгадна бачыць, што ў насельніцтва наконт трэцяга тэрміну Лукашэнкі свае погляды. А другі момант — нават у эліты існуюць пэўныя стэрэатыпы. Восем гадоў кіраваньня Лукашэнкі спрыялі ўмацаваньню такіх стэрэатыпаў наконт таго, што выбарац настроены ляяльна да курсу ўладаў”.

Паказальна, што ў многіх пытаньнях вярхі дэманструюць вельмі прагрэсіўныя погляды — пры гэтым як прадстаўнікі дзяржаўнага, так і недзяржаўнага сэктараў. Напрыклад, 88% апытаных хацелі б, каб Беларусь была прынятая ў Эўразьвяз. 78% лічаць, што стварэньне саюзнай дзяржавы, у якой Беларусь мела б тыя ж самыя правы, што і Расея, — немагчымае. 58% з варыянтаў дачыненьняў Беларусі й Расеі выбіраюць добрасуседзкія стасункі дзьвюх незалежных дзяржаваў і толькі 3% — аб’яднаньне ў адзіную дзяржаву.