ПРЫГАЖОСЬЦЬ, КАХАНЬНЕ І СЬМЕРЦЬ

Натальля Судлянкова, Прага

Прыгажосьць, сьмерць і каханьне непарыўна зьвязаныя паміж сабою ў гэтай гісторыі. Тры нігерыйкі прымусілі мільёны людзей сачыць за падзеямі ў Афрыцы.

18-гадовая студэнтка Агбані Дарэга стала першай чорнаскурай прадстаўніцай афрыканскага кантынэнту, якая заваявала тытул “Міс сьвету”.

А 30-гадовая Аміна Лаваль стала першай жанчынай у гісторыі Нігерыі, якая была асуджаная да сьмяротнага пакараньня забіцьцём каменьнямі за здраду мужу, зь якім яна разьвялася два гады таму.

Ісіома Даніэл, журналістка нігерыйскай газэты “This day”, была асуджаная да сьмерці духоўнымі лідэрамі Нігерыі. За артыкул аб прыгажосьці.

Лёс маці траіх дзяцей Аміны Лаваль прыцягнуў увагу цэлага сьвету. Непісьменная нігерыйка нават ня ведала, колькі людзей падпісваюць адозвы ў яе абарону. У вёсцы, дзе яна жыве, няма ні радыё, ні тэлебачаньня.

Амаль паўтара мільёны подпісаў у абарону нігерыйкі сабрала арганізацыя “Amnisty International”. Але апэляцыйны суд Нігерыі захаваў вырак шарыяцкага суда бязь зьменаў. У 2004 годзе Аміну Лаваль чакала выкананьне прысуду. І ёй заставалася толькі маліцца, каб які-небудзь снайпэр трапіў камянём ёй у скронь як мага хутчэй.

Але жыцьцё Аміны Лаваль захавала прыгажосьць. Перамога Агбані Дарэгі азначала, што фінал сёлетняга конкурсу “Міс сьвету” будзе праводзіцца ў Нігерыі.

І ягонае правядзеньне апынулася пад пагрозай зрыву. Дзясяткі фіналістак конкурсу з розных краінаў сьвету заявілі аб сваім нежаданьні ўдзельнічаць у сьвяце прыгажосьці, якое праводзіцца ў краіне з такімі жорсткімі законамі. Улада Нігерыі не магла адмяніць прысуд шарыяцкага суду, тым ня менш, афіцыйна гарантавала жыцьцё Аміне Лаваль.

Прыгажуня сабраліся ў Нігерыі і пачаліся рыхтавацца да фіналу конкурса.

Але Ісіома Даніэль напісала ў сваім артыкуле, што прарок Мухамад ухваліў бы правядзеньне гэтага конкурса і нават, магчыма, пабраўся бы шлюбам з адной з удзельніцаў.

Адразу пасьля публікацыі ісьлямскія лідэры Кадуны заклікалі мясцовых грамадзянаў выйсьці на акцыі пратэсту. У Нігерыі пачаліся масавыя сутычкі, якія цягнуліся чатыры дні. Загінулі прынамсі 200 чалавек, больш за 500 былі параненыя.

Арганізатары конкурсу прыгажосьці былі вымушаныя скасаваць ягонае правядзеньне ў Нігерыі і тэрмінова прызначыць фінал у Лёндане.

Войскі ўзялі кантроль над сталіцай і іншымі гарадамі Нігерыі. Але фатва – сьмяротны праклён, які вынес Ісіоме Даніэль кансіліўм духоўных лідэраў 21 ісьлямскай арганізацыі, застаўся.

Ісіома зараз вымушаная хавацца. Невядома, дзе яна знаходзіцца. Калі такая ж фатва была вынесеная ў 1989 годзе Салману Рушды за ягоныя “Сатанінскія вершы”, ён мусіў правесьці дзесяцігодзьдзі ў выгнаньні.

Што будзе далей зь Ісіомай – невядома. Віцэ-губэрнатар штата Замфара на поўначы Нігерыі Мамуда Алію Шынкафі заявіў: “Любы мусульманін, дзе б ён ня быў, мусіць разглядаць забойства журналісткі, як свой рэлігійны абавязак”.