БАЦЬКІ АДНАКЛЯСЬНІКАЎ МАШЫ КАРАЛЬКОВАЙ НЕ ПАДТРЫМАЛІ ПРАПАНОВУ ВУЧЫЦЬ ДЗЯЦЕЙ НА БЕЛАРУСКАЙ МОВЕ

Марыя Ўсьціновіч, Горкі

Бацькі школьнікаў не зразумелі памкненьняў сям’і Каральковых даць дачцэ беларускамоўную адукацыю. Пытаньне адкрыцьця ў школе беларускай клясы і вяртаньня Машы ў адукацыйную ўстанову засталося адкрытым.

У бацькоўскім сходзе ў горацкай школе бралі ўдзел некалькі дзясяткаў чалавек, пераважна жанчыны. Паводле меркаваньня Ірыны Каральковай, яны загадзя не былі настроеныя слухаць і меркаваць, а таму на сходзе хапала крыку. Маці Машы гаворыць, што бацькоўскі сход быў нібыта судом над яе сям’ёй.

Сход пачаўся з выступленьня прадстаўніка Горацкага раённага аддзелу адукацыі і дырэктара школы, якія казалі правільныя словы пра беларускамоўную адукацыю і нібыта пагаджаліся, што трэба нешта рабіць дзеля таго, каб арганізаваць навучаньне дзяцей на роднай мове. Бацькі Машы лічаць, што чыноўнікі скарысталі настрой сваркі, які панаваў у зале.

Маці горацкіх 5-клясьнікаў не падтрымалі ідэі Каральковых, яны рэзка прапанавалі ім ехаць у вёску альбо тэрмінова вярнуць Машу ў школу, якую яна не наведвае з пачатку навучальнага году.

Адзін бацька, вайсковец, паведаміў аўдыторыі сваё меркаваньне. На яго думку, матэматыку можна добра вучыць альбо па-ангельску, альбо па-расейку. Калі ў яго запыталіся, як вучаць матэматыку, напрыклад, літоўцы і палякі, мужчына адказаў: “Толькі дастаткова для таго, каб лічыць грошы!” Аудыторыя падтрымала вайскоўца ўсьмешкамі і аплядысмэнтамі.

Падобная рэакцыя была, калі яшчэ адзін бацька назваў беларускую мову “абракадабрай” – такую выснову ён зрабіў пасьля таго, як яго дачка захапілася гуртком фальклёру.

Некаторыя ўдзельнікі бацькоўскага сходу ўсё ж прызнавалі права Каральковых на атрыманьне для іх дзяцей беларускамоўнай адукацыі, аднак у выніку ўсе бацькі сказалі, што цалкам задаволеныя цяперашнім вучэбным працэсам. “Кожны казаў сваю праўду і іншага меркаваньня ня чуў!” – сказала пасьля сходу Ірына Каралькова.

Таксама ў пятніцу Віктара Каралькова выклікалі позвай у інспэкцыю ў справах непаўнагадовых. Яе начальнік паведаміў бацьку Машы, што кіраўнік раённага аддзелу адукацыі зьвярнуўся ў пракуратуру з патрабаваньнем паўздзейнічаць на Каральковых і вярнуць іх дачку ў школу.

Віктар распавёў у інспэкцыі 4-гадовую гісторыю змаганьня сваёй сям’і за беларускамоўную адукацыю для дзяцей і прадставіў усе законы і дакумэнты, якія даюць бацькам права на гэта. У інспэкцыі гэтым задаволіліся.

Між тым Маша Каралькова рыхтуецца да атэстацыі ў школе. Вынікі яе хатняй вучобы зь беларускамоўнымі дапаможнікамі і падручнікамі ў першай школьнай чвэрці ацэняць з дапамогай кансультацыяў і іспытаў настаўнікі горацкай школы № 4.