“МАРА ДЗЕСЯЦІГОДЗЬДЗЯ СПОЎНІЛАСЯ”

Віталь Цыганкоў, Вільня

На сустрэчу з прэзыдэнтам ЗША ў сталіцу Літвы прыедуць таксама кіраўнікі Латвіі і Эстоніі. Безумоўна, літоўцы ганарацца тым, што выйгралі негалоснае спаборніцтва ў сваіх суседзяў, і прэзыдэнт наумагутнейшай у сьвеце дзяржавы менавіта Вільню наведае першай з трох сталіцаў краінаў балтыйскага рэгіёну.

Напярэдадні візыту Джордж Буш даў эксклюзіўнае інтэрвію літоўскаму тэлебачаньню. Адказваючы на пытаньне, чаму ЗША надаюць гэтак шмат увагі маленькайбалтыйскай краіне, прэзыдэнт Буш сказаў: “Наша дзяржава верыць у каштоўнасьць кожнага. Вось чаму мы ніколі не прызнавалі савецкую ўладу ў трох краінах Балтыі, называлі Літву незалежнай на працягу ўсіх гэтых гадоў. Цяпер можна сказаць: Літва незалежная і вольная на стагодзьдзі”.

Журналістам, акрэдытаваным на візыт прэзыдэнта ЗША, раздалі кампутарныя дыскі з пасланьнем Джорджа Буша літоўскаму народу. У загаданым інтэрвію літоўскаму тэлебачаньню амэрыканскі прэзыдэнт таксама казаў, што будзе заклікаць Расею павіншаваць літоўцаў, бо, на думку Буша, пашырэньне НАТО будзе спрыяць і бясьпецы Расеі. Як адзначаюць у зьвязку з гэтым нават расейскія палітолягі, Буш паехаў у Санкт-Пецярбург супакойваць Пуціна пасьля вынікаў праскага саміту.

Што да візыта Буша ў Літву, то асноўныя яго падзеі адбудуцца ў суботу раніцай. Пасьля прызямленьня ў віленскім аэрапорце сёньня ўвечары прэзыдэнт ЗША адразу накіруецца ў гатэль “Рэдысан-Асторыя”. Афіцыйныя сустрэчы прэзыдэнта ЗША зь літоўскімі палітыкамі, а потым і з прэзыдэнтамі Латвіі і Эстоніі, адбудуцца заўтра ўраньні. Як мяркуецца, на Ратушнай плошчы Джордж Буш зьвернецца да грамадзянаў Літвы, спаткаецца са студэнтамі балтыйскіх краінаў. Пасьля гэтага 5 авіялайнэраў амэрыканскай дэлегаці, якая налічвае 800 чалавек, накіруюцца ў Бухарэст.