Удзельнікі: старшыня выканкаму незарэгістраванай Аб’яднанай сацыял-дэмакратычнай партыі Аляксей Кароль і старшыня Партыі БНФ Вінцук Вячорка
(Валер Карбалевіч: ) “14 лістапада ў Вашынгтоне адбылася канфэрэнцыя, тэма якой гучыць досыць сымбалічна: “Вось зла: Беларусь — прапушчанае зьвяно?” Канфэрэнцыю праводзіла арганізацыя “Новая Атлянтычная ініцыятыва” з удзелам шэрагу іншых арганізацыяў, у тым ліку Радыё Свабода, амбасады ЗША ў Беларусі ды іншых. Форум выклікаў вялікую цікавасьць сярод дзяржаўных структураў, грамадзкіх арганізацыяў Злучаных Штатаў. У канфэрэнцыі ўзялі ўдзел шэраг кангрэсмэнаў, прадстаўнікі Дзярждэпартамэнту ЗША, а таксама лідэры беларускай апазыцыі, два зь іх удзельнічаюць у нашай перадачы.
Канфэрэнцыя паказала, што ўвага да Беларусі ў ЗША павялічваецца. Чым гэта выклікана? Здавалася б, у дзяржаўных інстытутах ЗША зараз многа іншых, больш важных клопатаў”.
(Аляксей Кароль: ) “Увага да Беларусі ў палітыцы ЗША вядомая даўно. І канфэрэнцыя пацьвердзіла рост гэтага інтарэсу. Выступы прадстаўнікоў амэрыканскага боку далі адказ на пытаньне, чым выкліканае павышэньне цікавасьці да Беларусі. Амбасадар ЗША ў Беларусі Козак сказаў: “Мы прапаноўвалі Беларусі ўдзел у барацьбе з тэрарызмам. Аднак яна апынулася на другім баку”. Быля кіраўнік КНГ АБСЭ ў Беларусі Вік сказаў: “Эўрапейская супольнасьць сасьпела да таго, каб дапамагаць альтэрнатыўнаму кірунку разьвіцьця Беларусі”.
(Вінцук Вячорка: ) “Мы са спадаром Каралём перад канфэрэнцыяй у Вашынгтоне былі ў Нью-Ёрку ў аналітычным цэнтры арганізацыі “Дом свабоды”. Нам падаравалі там “Мапу свабоды”, на якой сінім колерам пазначаныя свабодныя краіны, красным — несвабодныя, жоўтым — часткова свабодныя. Дык вось на гэтай мапе Беларусь і Косава — адзіныя красныя плямы ў Эўропе.
Пасьля 11 верасьня стала відавочна, што любая недэмакратычная дзяржава прадукуе тэрарызм, радыкалізм, адмаўленьне чалавечай цывілізацыі як такой. Усе выступоўцы, якія прадстаўлялі дзяржаўныя і грамадзкія арганізацыі ЗША, заяўлялі, што падтрымка дэмакратыі ў Беларусі — гэта абавязковы варунак, абавязковая ўмова цяперашняй амэрыканскай палітыкі”.
(Карбалевіч: ) “Ці можна па выніках канфэрэнцыі вызначыць, што можна чакаць нейкіх новых захадаў ЗША ў адносінах да Беларусі, новай тактыкі? Ці зьвязана гэта з магчымым прыняцьцём Кангрэсам законапраекту “Акт аб падтрымцы дэмакратыі ў Беларусі”? Вядома, што падыходы ЗША і Эўропы ў адносінах да Беларусі трохі адрозьніваюцца. ЗША выступае за больш жорсткую палітыку. Ці ня здарыцца так, што пасьля прыняцьця згаданага законапраекту гэтыя адрозьненьні стануць больш моцнымі?”
(Кароль: ) “Сапраўды, адрозьненьні ў палітыцы ЗША і Эуропы ў адносінах да Беларусі былі і застаюцца. Менавіта так адказаў на маё пытаньне сэнатар МакКейн падчас свайго выступу. Тым ня менш гэтыя адрозьненьні не настолькі вялікія, каб яны перарасьлі ў супярэчнасьці. Больш за тое, у многіх выступах адзначалася, што гэтыя адрозьненьні зараз, асабліва пасьля 11 верасьня, згладжваюцца, пазыцыі збліжаюцца.
Існуе агульнае разуменьне, што Беларусь — анамальная зона. І ўстае дылема: аставіць гэтую зону лякалізаванай, ці зрабіць у ёй дэмакратычныя пераўтварэньні. Усе дэмакратычныя краіны сьвету зацікаўленыя ў тым, каб Беларусь стала часткай сусьветнай тэдэнцыі глябалізацыі і дэмакратызацыі.
Што да новых захадаў, то яны зьвязаныя з прыняцьцем законапраекту Крыстафэра Сьміта “Акт аб падтрымцы дэмакратыі ў Беларусі”. Падчас нашай сустрэчы з аддзелам палітычнага разьвіцьця Рады Бясьпекі ЗША было засьведчана, што існуе зацікаўленасьць і з боку Рады Бясьпекі, і з боку Кангрэсу ў тым, каб гэты законапраект быў прыняты (магчыма, у новай рэдакцыі)”.
(Вячорка: ) “Новая тактыка ўжо праяўляецца ў пасьлядоўнай пазыцыі Злучаных Штатаў у АБСЭ. Пасол ЗША ў АБСЭ нядаўна выступіў з заявай, у якой патрабуе, каб гэтая арганізацыя праяўляла цьвёрдасьць у адносінах да канфлікту паміж кіраўніцтвам Беларусі і КНГ АБСЭ. ЗША выступае супраць палітыкі ўлагоджваньня афіцыйнага Менску. Рашэньне Чэхіі адмовіць у візе для Лукашэнкі, чаканае рашэньне краінаў ЭЗ аб забароне ўезду на іх тэрыторыю тузіну кіруючых асобаў Беларусі — усё гэта і ёсьць тая новая тактыка, якая толькі й магчымая пасьля краху спадзеваў на дэмакратызацыю рэжыму. А такія спадзевы нейкі час жывіліся пасьля прэзыдэнцкіх выбараў у Беларусі мінулага году.
Што да законапраекту “Акт аб падтрымцы дэмакратыі ў Беларусі”, то рэспубліканская партыя прапаноўвала гэты праект. А зараз пасьля нядаўніх выбараў у Кангрэс менавіта рэспубліканцы кантралююць абедзьве палаты Кангрэсу. Таму існуе вялікая верагоднасьць, што законапраект будзе прыняты дастаткова хутка”.
(Карбалевіч: ) “На канфэрэнцыі даволі вялікая ўвага надавалася адносінам паміж Беларусьсю і Іракам. І ацэнкі гэтых стасункаў былі даволі жорсткімі. Вядомы амэрыканскі палітык Джон МакКейн сказаў: “Прыяцелі нашых ворагаў — нашы ворагі”. І ў гэтым сэнсе ці магчымая спроба будаваць дачыненьні паміж ЗША і Беларусьсю ў кантэксьце антытэрарыстычнай кампаніі супраць Іраку? Ці магчыма ў гэтай сувязі вырашэньне “беларускага пытаньня” ў кантэксьце вырашэньня “ірацкага пытаньня”?”
(Кароль: ) “Тэма продажу Беларусьсю зброі Іраку была адной з галоўных на канфэрэнцыі. Ёй былі прысьвечаныя два даклады і шэраг выступаў. І ў гэтым кантэксьце можна чакаць узмацненьня жорсткасьці палітыкі ЗША ў адносінах да Беларусі”.
(Вячорка: ) “У назьве канфэрэнцыі ўтрымліваецца пытальнік. Беларусі астаўляюць праменьчык надзеі. Удзельнікам канфэрэнцыі перадалі тоўстае дасье, у якім пералічаныя ўсе публікацыі ў адкрытых крыніцах аб беларуска-ірацкіх кантактах: продаж зброі, узаемныя візыты афіцыйных асобаў, асабліва зьвязаных з абаронным комплексам.
Я б ня стаў зараз разважаць аб вырашэньні “беларускага пытаньня” ў рамках антытэрарыстычнай кампаніі, аб тым, што да Беларусі могуць быць прынятыя меры, якія прымяняюцца да краінаў, якія засьведчылі падтрымку тэрарызму. Але гэта моцны сыгнал”.
(Карбалевіч: ) “Значная ўвага на канфэрэнцыі надавалася праблеме беларуска-расейскіх адносінаў. У некаторых палітычных колах Захаду існуе спакуса вырашыць “беларускую праблему” з дапамогай Расеі і гэтак скінуць зь сябе лішнія клопаты. А з другога боку, за перадачу “беларускага пытаньня” Расеі можна яшчэ і атрымаць ад Масквы пэўныя саступкі.
А на канфэрэнцыі пазыцыя ЗША, якая была выкладзеная, зьяўляецца супрацьлеглай. Было засьведчана, што незалежнасьць Беларусі — гэта вялікая каштоўнасьць для ЗША і сусьветнай супольнасьці, Злучаныя Штаты будуць абараняць яе. Як бы вы маглі пракамэнтаваць гэты момант працы канфэрэнцыі?”
(Кароль: ) “Сапраўды, з боку ЗША мы атрымалі ўпэўненую падтрымку незалежнасьці Беларусі. Злучаныя Штаты пасьлядоўна выконваюць свае абавязкі гаранта беларускай незалежнасьці, якія былі зафіксаваныя міжнароднымі дамовамі. Іншая справа, што ЗША не адмаўляюцца ад таго, каб ціснуць на Расею дзеля яе ўплыву на дэмакратычныя пераўтварэньні ў Беларусі”.
(Вячорка: ) “Па-першае, усе афіцыйныя прадстаўнікі ЗША, зь якімі мы сустракаліся, сьцьвярджалі, што незалежнасьць Беларусі — абавязковы варунак іхнай эўрапейскай палітыкі. Джон МакКейн, адзін з найбольш аўтарытэтных амэрыканскіх палітыкаў, адзін зь лідэраў рэспубліканскай партыі, сказаў, што дапамога дэмакратычнай і незалежнай Беларусі ёсьць чыньнікам, які не залежыць ад кан’юнктуры. Нам ніхто не выказваў веры ў тое, што мачымы экспарт дэмакратыі ў Беларусь зь Расеі, што магчыма варыянт зьмены рэжыму і пераход да дэмакраты расейскімі рукамі”.
(Карбалевіч: ) “Такім чынам, становіцца відавочным, што “беларускае пытаньне” выходзіць на парадак дня замежнай палітыкі як ЗША, так і Эўропы. Пра гэта сьведчыць і рашэньне Чэхіі адмовіць у візе Лукашэнку, і чаканае рашэньне краінаў Эўразьвязу аб забароне ўезду на іх тэрыторыю шэрагу кіроўных асобаў Беларусі. Назіраецца тэндэнцыя ўзмацненьня жорсткасьці ў палітыцы Захаду ў дачыненьні да Беларусі”.