АФІЦЫЙНЫ МЕНСК НАСТОЙВАЕ НА ЎДЗЕЛЕ БЕЛАРУСКАЙ ДЭЛЕГАЦЫІ Ў ПРАСКІМ САМІЦЕ

Валер Каліноўскі, Менск

На запрашэньне ў МЗС прыбылі амбасадары Вялікабрытаніі, Італіі, Турэччыны, новыя амбасадары Францыі й Польшчы, якія яшчэ не пасьпелі перадаць свае даверчыя лісты, і часова павераныя ў справах альбо другія асобы амбасадаў Нямеччыны, ЗША і Чэхіі.

Сустрэча амбасадараў і намесьніка міністра замежных справаў Аляксандра Сычова доўжылася каля 20 хвілінаў. Пасьля яе завяршэньня амбасадары адмаўляліся ад камэнтароў. Толькі часова павераны ў справах Чэхіі ў Беларусі Алеш Фойцік сказаў, што ім зачыталі афіцыйнае паведамленьне МЗС. Спадар Фойцік зазначыў, што пытаньне зь візамі пакуль ня вырашанае, але беларуская дэлегацыя зьбіраецца паехаць у Прагу 20 лістапада:

(Фойцік: ) “Калі заплянавана? Ад’езд прызначаны на дваццатае”.

Такім чынам, беларускае кіраўніцтва настойвае на ўдзеле А.Лукашэнкі і
беларускай дэлегацыі ў праскім саміце. Аляксандар Сычоў сёньня заявіў амбасадарам краінаў NATO, што ўдзел краінаў, якія зьяўляюцца сябрамі Рады Эўраатлянтычнага партнэрства, паводле ейных дакумэнтаў і прыцыпу “далучанасьці” не патрабуе пэрсанальнага запрашэньня для ўдзелу ў саміце. І Беларусь супраць парушэньня гэтага прынцыпу. Афіцыйную пазыцыю агучыў прэсавы сакратар МЗС Павал Латушка:

(Латушка: ) “Прыняцьцё рашэньня аб непажаданасьці ўдзелу дэлегацыі Беларусі на вышэйшым узроўні ў саміце Рады Эўраатлянтычнага партнэрства будзе сьведчыць аб прымяненьні NATO выбарачнага падыходу да дзяржаваў-сяброў Рады і практыкі падвойных стандартаў, якакя працягваецца ў адносінах да Беларусі.

Таксама намесьнік міністра Аляксандар Сычоў падкрэсьліў, што ўлічваючы агульнапрызнаны ўклад Беларусі ў пытаньні падтрыманьня міжнароднага міру і бясьпекі, беларуская дзяржава ніколі і нікому не дазволіць прымаць за сябе рашэньні. У тым ліку ў такой адказнай галіне як міжнародная бясьпека. Як сувэрэнная дзяржава Рэспубліка Беларусь пакідае за сабой права ўнесьці карэктывы ў сваю далейшую пазыцыю”.

Каб пераканаць краіны NATO, МЗС падкрэсьлівае жаданьне Беларусі надалей уносіць свой уклад у барацьбу з распаўсюдам тэрарызму, зброі масавага зьнішчэньня і іншым выклікамі сучаснасьці.

На гэты час пытаньне зь візамі для беларускай дэлегацыі застаецца нявырашаным, хаця найбольш верагоднай лічыцца адмова. Ня ўсе беларускія апазыцыйныя палітыкі ўхваляюць такі падыход. Гаворыць намесьнік старшыні КХП БНФ Юры Беленькі:

(Беленькі: ) “Лепш нават бывае, каб проста там гэта ўсё было засьведчана, ягоная пазыцыя, бо ягоная пазыцыя — гэта рэтрансьляцыя пазыцыі Масквы. Хай яна будзе там агучаная. Лепш, калі ўвесь сьвет ведае рэальны стан рэчаў, чым толькі здагадваецца пра гэта. Але важна будзе, каб там было нейкім чынам эўрапейскімі краінамі й ЗША засьведчана, што ёсьць краіна Беларусь, якую як незалежную дэмакратычную краіну хочуць бачыць Эўропа і Амэрыка і ў такой якасьці будуць падтрымліваць нашую краіну”.

Юры Беленькі магчымым варыянтам выйсьця з сытуацыі лічыць паўтарэньне досьведу Стамбульскага саміту 1999 году, куды апрача афіцыйнай беларускай дэлегацыі была запрошаная і апазыцыйная.

Лідэр БСДП Народная Грамада Мікалай Статкевіч таксама ня лічыць патрэбным заклікаць да далейшай ізаляцыі А.Лукашэнкі:

(Статкевіч: ) “Ня трэба нікога ніколі заціскаць у кут, тым больш чалавека, які рэальна кіруе нашай краінай… Мне незразумелая гэтая радасьць з той нагоды, што туды не запрасілі, там не далі, там не прызналі, ведаеце, гэта радасьць слабых, якія самі ня могуць на нешта паўплываць і ўжо не спадзяюцца на ўласную перамогу. Я думаю, што найперш у сыстэме прыярытэтаў і мэтаў, якую будуе сапраўдны палітык, павінныя быць інтарэсы дзяржавы, інтарэсы краіны. Ізаляцыя Беларусі, яшчэ большая ізаляцыя, небясьпечная для нашай дзяржаўнасьці”.

Спадар Статкевіч мяркуе, што калі А.Лукашэнку раптам удасца паехаць у Прагу і распачаць нейкі дыялёг з Захадам, то ад гэтага патрабаваньні Захаду на адрас Беларусі не памякчэюць, і гэта будзе толькі на карысьць краіне.