ЯК ЗЬМЕНІЦЦА ЗАМЕЖНАЯ ПАЛІТЫКА ЗША ПАСЬЛЯ ВЫБАРАЎ?

Сяржук Сокалаў-Воюш, Прага

Бальшыня аналітыкаў прадказвае, што Белы Дом будзе весьці патрэбную яму замежную палітыку без аглядкі на апазыцыю.

Памяркоўны аналітык інстытуту Карнэгі Джозэф Чырынчоні кажа:

(Чырынчоні: ) “Гэта прынясе вялікі эфэкт. Любая размова пра абмежаваньне прэзыдэнта, альбо кваліфікаванасьць якой заўгодна ягонай замежнапалітычнай ініцыятывы ня будзе падлягаць абмеркаваньням. Цяпер забудзьцеся на дэмакратаў. Калі яны атрымалі такую паразу, яны яшчэ год будуць прыходзіць да сябе. У іх няма ключа да таго, што трэба рабіць далей”.

Гэтае меркаваньне падзяляе памяркоўны аналітык Вашынгтонскага цэнтру стратэгічных і міжнародных дасьледваньняў Джудыт Кіпэр:

(Кіпэр: ) “Няма ніякіх пытаньняў, што цяпер гэта будзе інтэрпрэтавана тут і ва ўсім сьвеце як мандат для замежнапалітычных падыходаў адміністрацыі, для вайны супраць тэрарызму і агульнай упэўненасьці ў кіраўніцтве краінай”.

Перамога ў Кангрэсе можа падахвоціць Буша ісьці за бальшынёй ягонай адміністрацыі, якая ўжо прывяла да ўхіленьня ад некалькіх міжнародных пагадненьняў, тыпу Кіёцкага пагадненьня ў пытаньнях клімату, альбо пагадненьня пра супрацьракетную абарону. Гаворыць Джозэф Чырынчоні:

(Чырынчоні: ) “Верагодна, мы ўбачым, як адміністрацыя будзе адступаць, альбо непрыхільна глядзець на міжнародныя пагадненьні. Я мяркую, што яна будзе больш схільная ня ўдзельнічаць у шматбаковых сустрэчах ці нарадах, дзе будуць прымацца новыя пагадненьні”.

Чырынчоні, які ў інстытуце Карнэгі займаецца адмысловым праектам у справе нераспаўсюджаньня ядзернай зброі кажа, што адміністрацыя Буша паспрабуе ўзнавіць ядзерныя выпрабаваньні – на што адміністрацыя ўжо намякала ў дакумэнце пад назвай “Агляд ядзернай сытуацыі”:

(Чырынчоні: ) “Што цяпер будзе: кансэрватары ў адміністрацыі будуць падбухторваць кансэрватараў у Кангрэсе, і гэта можа стварыць своеасаблівую дынаміку, якая будзе штурхаць частку гэтай палітыкі”.

Філіс Бэніс – лібэральны аналітык Вашынгтонскага інстытуту палітычных навукаў – пацьвярджае, што Буш цяпер мае магчымасьць рабіць што заўгодна, але яна лічыць, што такая палітыка была б памылковай, паколькі шмат хто з грамадзянаў краіны ўсё яшчэ маюць сумненьні адносна палітыкі прэзыдэнта, нягледзячы на перамогу рэспубліканцаў. Яна кажа, што гэта ўрок для дэмакратаў пра тое, якім чынам трэба трымацца сваіх прынцыпаў у якасьці апазыцыйнай партыі:

(Бэніс: ) “Гэта балюча: падзеленая краіна і падзелены Кангрэс. Нават з улікам перамогі рэспубліканцаў, паняцьце, што мы гаворым адным голасам, а менавіта голасам прэзыдэнта Буша – не адпавядае праўдзе”.

Дэйна Дылан кансэрватыўны аналітык фундацыі “Спадчына” ацэньвае перамогу Рэспубліканцаў у Кангрэсе і будучую палітыку Буша наступным чынам:

(Дылан: ) “Я спадзяюся, што ён падасьць руку сваім апанэнтам. Гэта дае магчымасьць сваёй палітыкі. Але гэта не азначае, што ён можа рабіць што хоча. Ён павінен працаваць з Кангрэсам. І нават сярод бальшыні ў Кангрэсе непазьбежна ёсьць людзі, якія не пагаджаюцца адзін з адным”.

Але ніводны іншы аналітык ня думае, што сябры Кангрэсу будуць супярэчыць прэзыдэнту ў пытаньнях міжнароднай палітыкі. Буш занадта папулярны, і гэтая папулярнасьць дапамагла многім зь іх стаць сябрамі Кангрэсу.