Інстытут радыяцыйнай мэдыцыны і эндакрыналёгіі, і асабліва ягоная клініка, якая месьціцца ў Аксакаўшчыне пад Менскам, вядомыя сотням жыхароў “чарнобыльскіх” раёнаў Беларусі. Чыстая зона, выдатныя ўмовы для лячэньня і дасьледаваньня. Неўзабаве сам інстытут перавядуць у Гомель. Рэарганізацыя закране і паліклініку.
Некаторыя адмыслоўцы расцэньваюць перавод інстытуту як пагрозу страты радыяцыйнай мэдыцыны як цэлага навуковага кірунку. Ці мае такое меркаваньне пад сабою грунт? З такім пытаньнем зьвяртаюся да дырэктара Інстытуту радыяцыйнай мэдыцыны, доктара мэдычных навук Аляксея Акіянава.
(Акіянаў: ) “Усё правільна: так яно і будзе. Там пакуль утворыцца калектыў і ўсё астатняе — будзе правал на некалькі гадоў. Ніхто туды не паедзе, і ўсе навуковыя супрацоўнікі застануцца бяз працы. Навуковая праграма завісьне ў паветры. Ня будзе каму яе выконваць”.
Цяпер дасьледаваньнямі ў інстытуце займаюцца 7 дактароў і 32 кандыдаты навук. У Гомелі ж пасьля таго, як быў асуджаны былы рэктар мэдінстытуту прафэсар Бандажэўскі, глыбокім вывучэньнем узьдзеяньня радыяцыі на арганізм чалавека, па сутнасьці, ніхто не займаецца.
Цікаўлюся ў Аляксея Акіянава, кім прынятае распараджэньне наконт пераводу інстытуту ў Гомель:
(Акіянаў: ) “Міністрам аховы здароўя. Загаду канкрэтнага пакуль няма, але будзе калегія ў трэцюю сераду гэтага месяца, і на калегіі пытаньне будзе разглядацца. Але яны ўжо рашэньне такое прынялі”.