ВІЗЫТ ЛУКАШЭНКІ НА САМІТ NATO Ў ПРАГУ НЕ ВЫКЛЮЧАЕЦЦА

Валер Каліноўскі, Менск

Як паведаміла прэсавая служба штаб-кватэры NATO, 21–22 лістапада ў Празе пройдзе саміт кіраўнікоў дзяржаваў і ўрадаў Паўночна-Атлянтычнай Рады і сустрэча лідэраў краінаў NATO з кіраўнікамі дзяржаваў і ўрадаў краінаў, што бяруць удзел у праграме “Партнэрства дзеля міру”. Беларусь у свой час падпісала гэтую праграму з NATO, сёлета была ўхваленая індывідуальная праграма супрацоўніцтва Беларусі з Паўночна-Атлянтычным блёкам на 2002 – 2003 гады. Таму беларуская дэлегацыя таксама запрошаная на праскі саміт. У МЗС Беларусі пацьвердзілі гэты факт. Гаворыць прэсавы сакратар МЗС Павал Латушка:

(Латушка: ) “Што тычыцца маючага адбыцца саміту ў Празе, то я магу пацьвердзіць, што Міністэрства замежных справаў Беларусі вядзе падрыхтоўку ўдзелу дэлегацыі Беларусі ў згаданым мерапрыемстве”.

Павал Латушка сказаў таксама, што МЗС пазытыўна ацэньвае супрацоўніцтва Беларусі і NATO ў рамках праграмы “Партнэрства дзеля міру”.

Хто будзе ачольваць беларускую дэлегацыю і ці возьме ўдзел у праскім саміце сам Аляксандар Лукашэнка, яшчэ ня вырашана. Прэсавы сакратар апошняга Натальля Пяткевіч кажа, што сытуацыя будзе больш зразумелай пасьля 10 лістапада. Тым ня менш, ужо зараз відавочнае замарожваньне колішняй антынатаўскай рыторыкі афіцыйнага Менску. Гаворыць Натальля Пяткевіч:

(Пяткевіч: ) “Пазыцыя прэзыдэнта краіны і палітыка, якую праводзіць беларускае кіраўніцтва, у тым, што мы супрацоўнічаем з NATO па асобных праектах, якія ўяўляюць узаемную цікавасьць. Гэтыя праграмы ідуць дастаткова пасьпяхова, адпаведныя міністэрствы, выконваючы даручэньне прэзыдэнта, умацоўваюць гэтыя адносіны, але, зноў-такі, строга ў адпаведнасьці з інтарэсамі нашай краіны і беларускага народу”.

Апазыцыйны палітык, вядомы беларускі дыплямат Андрэй Саньнікаў лічыць, што Лукашэнка пажадае трапіць на праскі саміт:

(Саньнікаў: ) “Я лічу, што так, Лукашэнка будзе імкнуцца ўзначаліць дэлегацыю. Але ж я ня ведаю, ці змогуць прыняць яго, ці ён там будзе пажаданым госьцем. Я лічу, што не. Я кажу не пра фармальныя перашкоды. Так, ён можа прысутнічаць, як ён можа прысутнічаць і ў іншых міжнародных арганізацыях, дзе Беларусь зьяўляецца сябрам, але ж ён нічога карыснага для гэтай сустрэчы ня дасьць. Ягоны ўдзел, калі ён адбудзецца, будзе адмоўны, а не станоўчы – увогуле для эўрапейскай бясьпекі”.

Андрэй Саньнікаў мяркуе, што ніхто з кіраўнікоў дзяржаваў NATO не захоча сустракацца з А.Лукашэнкам, асабліва цяпер, пасьля адкрытага выкліку афіцыйнага Менску ў бок АБСЭ, у выніку якога быў вымушаны зьехаць зь Беларусі апошні дыплямат місіі гэтай арганізацыі.

Андрэй Саньнікаў таксама лічыць неэфэктыўным удзел Беларусі ў праграме NATO “Партнэрства дзеля міру”. Супрацоўніцтва адбываецца ня ў тым маштабе, які рэальна магчымы для карысьці краіны. Гэта тлумачыцца надзвычай ідэалягізаваным падыходам беларускага кіраўніцтва ў адносінах да NATO.