ЧАСОВЫ ПАВЕРАНЫ Ў СПРАВАХ ЧЭСКАЙ РЭСПУБЛІКІ Ў БЕЛАРУСІ АЛЕШ ФОЙЦІК: МНЕ ВЕЛЬМІ ПРЫЕМНА КАЗАЦЬ “КАЛІ ЛАСКА!”

Вольга Караткевіч, Прага

Адкрываючы сустрэчу, Алеш Фойцік зрабіў прамову па-беларуску і адзначыў, што яго краіна дасягнула добрых вынікаў: людзі займаюцца тым, чым хочуць, маюць магчымасьць рэалізацыі. Алеш Фойцік асабліва падкрэсьліў, што Прага чакае турыстаў, наступствы паводкі ліквідаваныя. Дарэчы, паводле ацэнак дыплямата, на гэта спатрэбілася столькі ж грошай, у колькі ацэньваецца гадавы бюджэт Беларусі.

Мы запыталіся, якія ж галоўныя дасягненьні Чэхіі як незалежнай краіны:

(Фойцік: ) “Галоўнае, чаго мы дасягнулі – гэта тое, што людзі адчуваюць сябе добра. Адчуваюць сябе свабоднымі. Усё што робіцца, залежыць ад іх. Усё, што адбываецца, залежыць ад іх, а не ад тых, хто можа за іх вырашаць. Гэта найважнейшае з таго, што нам удалося!”

Адносна дачыненьняў зь Беларусьсю, Алеш Фойцік адзначыў, што самым складаным зьяўляецца бюракратыя. Спадар Фойцік наступным чынам ахарактарызаваў палітычныя праблемы Беларусі:

(Фойцік: ) “Вельмі складана коратка сказаць, бо гэта ўнутранае беларускае пытаньне, што хто патрабуе, што адчувае. Як дасягнуць жаданага? Вельмі важна, каб у Беларусі людзям, беларусам было неабыякавае тое, што адбываецца”.

Алеш Фойцік на пытаньне пра тое, што яму найбольш падабаецца ў Беларусі, адказаў – беларуская мова. Яна стала яму блізкай і зразумелай. Алешу Фойціку вельмі прыемна казаць “калі ласка”.

Чэскі дыплямат таксама выказаўся і адносна апошніх падзеяў у Маскве – маецца на ўвазе захоп закладнікаў. Алеш Фойцік лічыць, што гэтыя трагічныя падзеі невыпадковыя. Карыстаючыся з нагоды, ён запэўніў, што саміт NATO ў Празе пройдзе спакойна, чэскія ўлады падрыхтаваліся, бясьпека ўдзельнікаў гарантаваная.

І яшчэ адна дэталь. Каля ўваходу ў амбасаду ўчора быў выстаўлены аўтамабіль чэскай вытворчасьці “Шкода-Актавія”. Журналісты падумалі, што гэта рэклямная акцыя чэскай прадукцыі, але аказалася, што гэта падарунак спадара Фойціка сваёй жонцы.