АПЫТАНЬНЕ СNN: 90% ЛІЧАЦЬ ДЗЕЯНЬНІ РАСЕЙСКІХ СПЭЦСЛУЖБАЎ ПРАВІЛЬНЫМІ

Алесь Грыневіч, Прага

На Інтэрнэт-сайце СNN на гэты час больш за 20 тысячаў чалавек адказалі на пытаньне: “Ці правільнае рашэньне прынялі расейскія вайсковыя камандуючыя, калі аддалі загад на штурм, нягледзячы на магчымую сьмерць нявінных людзей?” 90% адказалі на гэтае пытаньне “так”, 10% назвалі рашэньне аб штурме няправільным.

Але ў той жа час апошні крызыс зноў прыцягнуў увагу да вайны ў Чачэніі, якая цягнецца ўжо шмат гадоў.

Карэспандэнт нашага радыё Грэгары Файфэр узяў інтэрвію ў сяброў і сваякоў закладнікаў, якія чакалі зьвестак каля тэатру і каля шпіталю Скліфасоўскага ў Маскве. Большасьць зь іх кажуць, што, хутчэй за ўсё, расейскія ўлады прынялі правільнае рашэньне аб штурме. Але многія таксама лічаць, што апошні крызыс паказаў немагчымасьць сілавога рашэньня ў Чачэніі. Вось што сказаў сябра аднаго з закладнікаў, Віктар Шайко.

(Шайко: ) “Нешта трэба было ўжо даўно зьмяняць у тактыцы нашай барацьбы, ці не барацьбы, увогуле нашых паводзінаў... У любым выпадку – вы самі бачыце, столькі часу прайшло, але сытуацыя асабліва не зьмянілася – увесь час выбухі, увесь час страляюць, нападаюць, і гэта будзе цягнуцца вечна, калі не зрабіць нейкія захады... Якія? Напэўна ніхто ня ведае...”

Большасць з апытаных нашым карэспандэнтам таксама лічыць, што расейскія ўлады мусяць шукаць магчымасьць скончыць вайну ў Чачэніі.