Сада Акчарымава — азэрбайджанская чачэнка, яна гэтымі днямі амаль цэлымі суткамі глядзіць спадарожнікавае тэлебачаньне, каб пачуць праўду пра апошнія падзеі. Паводле ейных словаў, расейскае тэлебачаньне неаб’ектыўна асьвятляе як вайну ў Чачэніі, так і трагедыю ў Маскве. Гаворыць Сада Акчарымава:
(Акчарымава: ) “Я вельмі сачу. НТВ, Расея — ня вельмі правільна паказваюць. Фэдэралы няправільна вайну вядуць — забіваюць, а пасьля кажуць, што баевікі забілі. Вось чаму яны хочуць Аню Паліткоўскую бачыць. Яна ўсё гэта бачыла, яна ведае”.
Сада Акчарымава некалькі апошніх гадоў жыве ў Азэрбайджане. Кажа, што з радзімы яе выгнала вайна. У Менск прыяжджае разам з мужам, каб гандляваць садавінай. Гэтымі днямі ўвесь час трымае кантакт са знаёмымі й сваякамі ў Азэрбайджане і Чачэніі. Паводле ейных словаў, ёсьць чачэнцы і ў Менску, але, паколькі Расея зь Беларусьсю будуюць адзіную дзяржаву, то выхадцаў з Расейскай Фэдэрацыі ўцекачамі тут не прызнаюць. Таму ў беларускай сталіцы чачэнцаў няшмат, бо жыць даводзіцца нелегальна.
Сада Акчарымава кажа, што чачэнцы шкадуюць дзяцей, якія сталі закладнікамі вялікай палітыкі, але баевікоў называюць змагарамі за свабоду.
(Акчарымава: ) “Яны ж грошы ня просяць, не забіваюць — яны хочуць, каб завершылася вайна. У некаторай ступені няправільна, што трымаюць дзяцей і жанчын. Але вось чаму прэзыдэнт Кадыраў не пайшоў — яны прапаноўвалі 50 чалавек за Кадырава, Нямцоў пагаджаўся памяняць сябе на закладнікаў, а Кадыраў пабаяўся. Чаго ты баішся, калі ўсё робіш правільна? Я ня думаю, што яны будуць яшчэ некага выпускаць. Яны будуць рабіць жорсткія захады. Мы нічога ня хочам, мы хочам, каб быў мір. І яны таксама хочуць сувэрэнную дзяржаву, незалежнасьць хочуць. Чаму не разумеюць гэта расейцы — гэта проста жах”.
Паводле Сады Акчарымавай, гвалт над цывільнымі грамадзянамі ў Маскве справакаваў гвалт над цэлым народам у Чачэніі, але расейскія ўлады вайну не перапыняць.