З камэнтаром - Крысьціна Галяк, прэсавая сакратарка камісара Эўразьвязу ў замежнай палітыцы Хавіера Саляны.
(Галяк: ) “Міністры Эўрапейскага зьвязу і камісар Саляна надзвычай заклапочаныя сытуацыяй у Беларусі і асабліва адносінамі Беларусі з АБСЭ. Учорашняе пасланьне міністраў беларускаму кіраўніцтву было вельмі яснае – Беларусь павінная заняць месца сярод дэмакратычных эўрапейскіх краінаў, яна мусіць рухацца ў гэтым напрамку, і не ў апошнюю чаргу таму, што Беларусь зробіцца суседам Эўразьвязу пасьля пашырэньня. Таму Эўразьвяз ня можа прыняць пазыцыю, якую Беларусь заняла датычна Кансультацыйна-назіральнай групы АБСЭ”.
Сёлета беларускія ўлады адмовіліся працягнуць візы некалькім супрацоўнікам групы АБСЭ, і тыя былі вымушаныя пакінуць Беларусь. 29 кастрычніка сканчаецца акрэдытацыя Аліны Жасан -- апошняй замежнай супрацоўніцы КНГ АБСЭ, якая пакуль знаходзіцца ў Менску. Калі ейная акрэдытацыя ня будзе працягнутая, дыпляматаў АБСЭ ў Беларусі не застанецца. Эўразьвяз з такой магчымасьцю катэгарычна ня згодны.
(Галяк: ) “Немагчыма пагадзіцца з тым, што Кансультацыйна-назіральная група павінна быць зачыненая перш чым пачнуцца перамовы аб новай форме прысутнасьці АБСЭ ў Беларусі. Таму міністры Эўразьвязу ясна заклікалі ўрад Беларусі неадкладна працягнуць пасьля 29 кастрычніка акрэдытацыю тым дыпляматам місіі, якія засталіся, ці працягнуць акрэдытацыю іншым дыпляматам, каб пазьбегнуць зрыву ў працы місіі. АБСЭ – гэта адна з ключавых арганізацыяў у Эўропе, і мы жадаем, каб усе краіны цалкам супрацоўнічалі зь яе структурамі”.
Учора агенцыі навінаў працытавалі словы прэсавага сакратара міністэрства замежных справаў Беларусі Паўла Латушкі аб тым, што місія АБСЭ ў цяперашняй форме ў Беларусі працаваць ня будзе. Спадар Латушка таксама заявіў, што АБСЭ мусіць паказваць больш павагі да беларускага ўраду, калі хоча надалей працаваць у Беларусі. Вось як камэнтуе гэта прадстаўніца Эўразьвязу Крысьціна Галяк.
(Галяк: ) “Эўразьвяз ня мае ніякага сумневу, што Кансультацыйна-назіральная група АБСЭ прадэманстравала ў дачыненьні да ўладаў у Менску абсалютную ступень павагі, Гэта такая ж павага, якую АБСЭ дэманстравала ва ўсіх місіях на эўрапейскім кантыненце. Таму мы вельмі чакаем, што ўрад Беларусі неадкладна зьменіць танальнасьць адносінаў з АБСЭ”.
Беларускія ўлады настойваюць на пераглядзе мандату групы АБСЭ, вінавацячы групу ва ўмяшальніцтве ва ўнутраныя справы Беларусі. Вось як гэта камэнтуе прадстаўніца Эўразьвязу.
(Галяк: ) “Мне не выпадае ўмешвацца ў спрэчкі наконт зьместу мандата групы, але няма сумневу, што спрэчкі наконт мандату ня могуць быць падставай ня рухацца наперад і не павінныя перашкаджаць супрацоўніцтву паміж Менскам і АБСЭ. І гэтае супрацоўніцтва павіннае пачацца з яснай пазыцыі ўладаў у Менску”.
У сваёй заяве Рада міністраў Эўразьвязу адзначыла, што калі місія АБСЭ ў Менску ня здолее працягваць працу, гэта таксама нэгатыўна адаб’ецца на адносінах паміж Беларусьсю і Эўразьвязам. Калі ж будзе знойдзенае рашэньня дзеля працягу працы місіі АБСЭ, Эўразьвяз будзе разглядаць гэта як магчымасьць для новых перамоваў аб паляпшэньні стасункаў зь Беларусьсю, гаворыцца ў заяве. Рада міністраў Эўразьвязу разгледзіць разьвіцьцё сытуацыі ў Беларусі на сваім наступным паседжаньні 18 і 19 лістапада.