У ШВЭДЗКІМ ПАРЛЯМЭНЦЕ ЗЬБІРАЮЦЦА ПРАВЕСЬЦІ СЛУХАНЬНІ ПА БЕЛАРУСІ

Альгерд Невяроўскі, Менск

Міжнародная жаночая акадэмія ў праблемах краінаў Балтыйскага рэгіёну, Беларусі, Украіны й Расеі была арганізаваная Кансэрватыўнай партыяй Швэцыі. У ёй бралі ўдзел жанчыны-парлямэнтары й грамадзкія лідэры. Беларусь прэзэнтавала актывістка грамадзкай ініцыятывы “Хартыя-97” Людміла Гразнова. Там яна выступіла з дакладам пра стан правоў чалавека, дэмакратыі, незалежнасьці й свабоды слова ў Беларусі. Гаворыць спадарыня Гразнова:

(Гразнова: ) “Я рабіла сур’ёзны акцэнт на тое, што беларуская праблема ня ёсьць праблемай толькі Беларусі. Бо Расея і Ўкраіна пераймаюць наш нэгатыўны досьвед. Гэта вельмі вялікая праблема для стабільнасьці ў Эўропе. Яны адрэагавалі так: “Мы ведалі, што ў Беларусі кепска, але ня ведалі, што так кепска!”

Швэдзкія кансэрватары выявілі вялікую цікавасьць да праблемаў Беларусі й паабяцалі арганізаваць у сябе адмысловыя парлямэнцкія слуханьні. Людміла Гразнова працягвае:

(Гразнова: ) “У швэдзкім парлямэнце пройдуць слуханьні па нашай сытуацыі, пра парушэньні правоў чалавека, пра зьнікненьні ў Беларусі. Найперш у рамках камісіі па міжнародных адносінах, а потым ужо й у самім парлямэнце Швэцыі”.

На гэтыя слуханьні зьбіраюцца запрасіць сваякоў зьніклых, вядомых палітыкаў і грамадзкіх дзеячоў. Швэды таксама зьбіраюцца больш актыўна ўзьнімаць беларускае пытаньне ў міжнародных структурах і супрацоўнічаць з грамадзкімі арганізацыямі Беларусі.