У Добрускім раёне расейцы завозяць свой хлеб нават у вёскі. І калі ў каго няма грошай, хлеб усё роўна адпускаюць. Праўда, пры гэтым прозьвішча чалавека заносяць у сьпіс даўжнікоў — да наступнага прыезду.
Дырэктар Добрускага дзяржаўнага хлебзаводу Анатоль Сімановіч скардзіцца, што ня можа канкураваць сваім хлебам з расейскім.
(Сімановіч: ) “У іх жа мука таньнейшая. У Расеі муку ня ведаюць куды падзець. Нам прапануюць: “Бярыце”. Але ж мы дзяржаўнае прадпрыемства. Мы ня можам купляць у іншых. Мы скарыстоўваем муку, якую вырабляюць нашы камбінаты хлебапрадуктаў”, — кажа дырэктар Сімановіч.
Цэны на хлеб ён таксама ня можа ставіць сам — іх рэгулюе аблвыканкам. У выніку расейскі хлеб прыкладна на 20% таньнейшы, і беларусы яго ахвотна раскупляюць.
Церахоўскі хлебзавод, які належыць да спажывецкай каапэрацыі, сёлета не падвышаў цэны ўсьлед за дзяржаўнымі прадпрыемствамі. Бохан ягонага чорнага хлеба каштуе на 30 рублёў менш, чым у Добрускага хлебзаводу. Але і церахоўцы не вытрымліваюць канкурэнцыі з расейскай прадукцыяй, і ўжо зьнізілі сёлета выпечку хлеба на 198 тонаў.
Відаць, гэтую акалічнасьць даўно зразумеў аблвыканкам, і ў дачыненьні прадпрымальнікаў, што гандлююць расейскім хлебам у абласным цэнтры і іншых гарадох, прыняў рашэньне №414 з адмысловым патрабаваньнем.
Сведчыць прадпрыймальніца Ірына Гарбатава:
(Гарбатава: ) “У гэтым рашэньні запісана, што, гандлюючы хлебам, трэба мець 80% гомельскага хлеба, і не якога-небудзь іншага, а менавіта вырабу рэспубліканскага ўнітарнага прадпрыемства “Гомельхлебпрам”.
Прадаўшы за месяц дарагога гомельскага хлеба на 800 тысяч рублёў, спадарыня Гарбатава атрымала адны толькі страты. Адмовіцца ад продажу мясцовага хлеба нельга. Улады пагражаюць адабраць ліцэнзію.