У ДЗІЦЯЧЫЯ САДКІ КРЫЧАВА БАЦЬКІ ЗДАЮЦЬ ХАРЧЫ. ПЕРШЫ ЎНЁСАК — ВЯДРО БУЛЬБЫ

Марыя Ўсьціновіч, Крычаўскі раён

Крычаўскі раённы аддзел адукацыі зьвярнуўся да бацькоў, чые дзеці ходзяць у дзіцячыя садкі, з просьбай прынесьці вядро бульбы. Нікога не прымушалі гэта рабіць — бацькі, якія прызвычаіліся ўсім магчымым дапамагаць дзіцячым установам, без нараканьняў зрабілі ўнёскі харчамі, падзяліліся сваёй гароднінай.

Бюджэт Крычаўскага раёну своечасова не знайшоў некалькі мільёнаў рублёў на закуп гародніны для малых дзяцей. Хаця сёлета грошай на дзіцячыя садкі ўвогуле трэба меней: большасьць дзіцячых дашкольных установаў Магілёўскай вобласьці перайшла на скарочаны рэжым, у выніку чаго былі скасаваныя вячэры.

У сельскіх дзіцячых садках Крычаўшчыны бульбу вырасьцілі сваімі сіламі на прысядзібных участках, таму ў асноўным новая схема забесьпячэньня дашкольнікаў харчамі закранула раённы цэнтар. Супрацоўнікі гарадзкіх дзіцячых установаў працавалі ў калгасах, каб зарабіць на бульбу, але іх працадзён аказалася недастаткова.

У горадзе Крычаве ёсьць шэсьць дзіцячых садкоў, дзе 1200 выхаванцаў. Бацькі аплачваюць прыкладна чвэрць выдаткаў на ўтрыманьне дзяцей. Вядро бульбы — 10 кіляграмаў коштам прыкладна 3 тысячы беларускіх рублёў — чыноўнікі з раённага аддзелу адукацыі палічылі ня вельмі вялікім цяжарам.

Ініцыятыву з бацькоўскай бульбай аднак не ўхвалілі на ўзроўні вобласьці, і спэцыялісты ўпраўленьня адукацыі Магілёўскага аблвыканкаму лічаць гэта грубым парушэньнем. Харчы, якія прыносяць у дзіцячыя садкі бацькі, фармальна ня маюць сэртыфікатаў якасьці, і невядома, колькі бульба з уласных сядзібаў утрымлівае нітратаў ды радыёнуклідаў.

Кіраўніцтва і выхавацелі дзіцячых садкоў па-рознаму паставіліся да новаўвядзеньня. Адныя лічыць, што ў цяперашнія цяжкія часіны мэтады выжываньня выбіраць не выпадае, і самае галоўнае для іх — карміць дзяцей. Іншыя адкрыта кажуць, што зьяўляюцца закладнікамі сыстэмы і вымушаныя выконваць рашэньні начальства, якое спасылаецца на вялікі дэфіцыт раённага бюджэту.