Ідэя стварэньня новай бібліятэкі пры Шклоўскім касьцёле сьвятых апосталаў Пятра і Паўла належыць мясцовай суполцы Таварыства беларускай мовы. На вячаровай імшы шклоўскія актывісты ТБМ перадалі ксяндзу-пробашчу Аляксандру Багдановічу першыя кнігі.
Кіраўнік шклоўскай суполкі Таварыства беларускай мовы і краязнаўца Аляксандар Грудзіна — ініцыятар адраджэньня бібліятэкі. Ён распавёў, што ў пачатку 17 стагодзьдзя ў Шклове існаваў кляштар дамініканаў.
(Грудзіна: ) “Гэта быў адзін з найвялікшых кляштараў у нас на Беларусі. Фундатарам яго быў знакаміты беларускі род Хаткевічаў. І вось менавіта адзін зь іх, Аляксандар Хаткевіч, за свой асабісты кошт падараваў гэтаму кляштару вельмі вялікую бібліятэку. Яна была знакамітая бібліятэка — напэўна, самая знакамітая ва ўсім каталіцкім асяродзьдзі нашай Беларусі”.
Шклоўскі кляштар быў зачынены ў пачатку 19 стагодзьдзя, пасьля чарговага антырасейскага паўстаньня, потым і зруйнаваны. Лёс бібліятэкі невядомы.
Сёньня Аляксандар Грудзіна і яго паплечнікі з Таварыства беларускай мовы падаравалі касьцёлу святых апосталаў Пятра і Паўла зь дзясятак кніг на беларускай мове. Сярод іх — кніга шклоўскага пісьменьніка Лявона Анціпенкі.
Мяркуецца, што адноўленая бібліятэка будзе складацца найперш зь літаратуры духоўнай і агульнаадукацыйнай, кніг па гісторыі роднага краю і народу, энцыкляпэдыяў.
Бібліятэкі сёньня вельмі патрэбныя людзям, лічыць ксёндз-пробашч Аляксандар Багдановіч.
(Багдановіч: ) “Многія хацелі б пачытаць цікавую кнігу, але ня кожны дазволіць сабе такую кнігу набыць проста ў магазіне. Да прыкладу, можна сказаць, што ёсьць пераклад Бібліі цалкам на беларускую мову — пераклад Сёмухі. І можна набыць, я адну такую маю, яна каштуе 16 тысяч рублёў. Гэта напэўна ня кожнаму па кішэні”.
Для працягу справы патрэбныя сродкі. Аляксандар Грудзіна спадзяецца на дапамогу людзей.
(Грудзіна: ) “Павінны быць як ахвяраваньні парафіянаў, так і простых людзей, якія не абыякавыя да духоўнага адраджэньня. І, канечне, было б вельмі цудоўна, каб знайшоўся нейкі фундатар, мэцэнат, які б падараваў альбо кніжкі, альбо грошы на гэтыя кніжкі”.
Плянуецца, што новая бібліятэка разьмесьціцца ў невялікім будынку побач з касьцёлам, у якім цяпер займаюцца зь дзецьмі сёстры-эўхарысткі. Дарэчы, у мінулым тут месьцілася ДОСААФ і калісьці выступаў зь лекцыямі пра міжнароднае становішча лектар райкаму партыі Аляксандар Лукашэнка. Час мяняецца.