Усё пачалося са сходу прадпрымальнікаў на самым буйным рынку—на “Паўднёвым”. Удзельнікі абмяркоўвалі саступкі, зробленыя абласнымі ўладамі. Улады адклалі ўвядзеньне касавых апаратаў да 1 сьнежня, абмежаваўшы іх выкарыстаньне толькі гандлёвымі павільёнамі.
Частка прадпрымальнікаў вырашыла, што з 16 кастрычніка можна выйсьці на працу і працягваць перамовы з уладамі. Аднак Валеры Леванеўскі заклікаў страйкаваць да поўнай перамогі. Ён таксама прапанаваў сабрацца на пляцы Леніна і выклікаць на размову гарадзкое і абласное начальства.
Чалавек 200 сапраўды сабраліся а 12-й гадзіне літаральна пад вокнамі кабінэта старшыні аблвыканкаму Ўладзімера Саўчанкі. Валеры Леванеўскі патлумачыў наступнае:
(Леванеўскі: ) «Мы прыйшлі сёньня на сустрэчу. Але не магу дазваніцца да ніводнага чыноўніка. А супрацоўнікі міліцыі чамусьці не пускаюць. Прычым мы прасілі, каб нам залю далі, каб выслухаць пазыцыю кіраўнікоў выканаўчай і заканадаўчай мясцовай улады. Я не лічу, што гэта мітынг ці сход. Людзі папросту прыйшлі на сустрэчу, і іх даволі многа. Але супрацоўнікі міліцыі расцэньваюць гэта як сход і забараняюць тут стаяць...»
Пасьля гэтых словаў Валеры Леванеўскі накіраваўся ў аблвыканкам. Яго доўга чакалі. Ён выйшаў і праз міліцэйскі мэгафон сказаў, што ўвечары ў студыі мясцовага тэлебачаньня адбудзецца гутарка, прысьвечаная праблемам прадпрымальнікаў.
Затым у суправаджэньні міліцыі Леванеўскі накіраваўся ў Ленінскі райаддзел міліцыі быццам бы для гутаркі. Усе 200 прадпрымальнікаў накіраваліся за ім. Яны сталі пад вокнамі абласной управы КГБ, якая знаходзіцца насупраць міліцыі.
Да будынку міліцыі падагналі два Камазы з салдатамі ўнутраных войскаў.
Каб Леванеўскага хутчэй выпусьцілі, публіка скандавала: “Леванеўскі! Леванеўскі!”
Сустрэлі Валерыя Леванеўскага эмацыйнымі выгукамі. Ён паведаміў, што на яго склалі пратакол за правядзеньне несанкцыяванага мітынгу. Калі будзе суд — яму пакуль невядома.