ФУТБАЛІСТ МЯТЛІЦКІ ПРЫЕДЗЕ Ў МЕНСК РАЗАМ З АЎСТРЫЙСКАЙ ЗБОРНАЙ

Алена Панкратава, Менск

Паведамляецца, што дзеля таго, каб непасрэдна падтрымаць сваю нацыянальную каманду, аўстрыйскія заўзятары зьбіраюцца прыбыць у беларускую сталіцу, нягледзячы на надзвычай кепскае надвор’е, якое зараз стаіць у Беларусі.

Галоўны герой сёньняшніх публікацыяў у аўстрыйскім друку — футбаліст, вельмі вядомы як у Аўстрыі, так і ў Беларусі. Гэта 38-гадовы Аляксандар (альбо, як называюць яго аўстрыйскія журналісты, Саша) Мятліцкі. У мінулым гулец менскага “Дынама” ды савецкай моладзевай зборнай, а пасьля 1991 году — футбаліст аўстрыйскіх клюбаў “Рапід”, “Ласк”, “Штайер”, “Пашынг”.

Многія аўстрыйскія спартовыя аглядальнікі зараз жартам называюць Мятліцкага шпіёнам. Былы трэнэр “Рапіду” Ганс Кранкль, які 10 гадоў таму пераманіў да сябе ў клюб менскага гульца, сёньня, зьяўляючыся галоўным трэнэрам чырвона-бел-чырвоных, бярэ Мятліцкага на матч у Менск у якасьці кансультанта.

Як піша “Neues Volksblatt”, Кранкль спадзяецца атрымаць ад Аляксандра шмат карыснай інфармацыі, бо ўпэўнены, што той у сябе на Радзіме ведае ўсё. Акрамя таго, ён размаўляе на сваёй мове і можа дапамагчы аўстрыйцам у самых непрадбачаных абставінах.

Што да самога Мятліцкага, то ў інтэрвію венскай газэце “Кurier”, той сьцьвярджае, што аўстрыйскім футбулістам, як, дарэчы, і беларускім, можа дапамагчы толькі Бог. Мятліцкі, паводле ягоных словаў, мае права быць у гэтай сытуацыі абсалютна нэўтральным. “Што я магу зараз увогуле ведаць пра тактыку і спартовую форму беларускіх футбалістаў?” — кажа ён.

Хаця, як пішуць аўстрыйскія выданьні, на суботні матч заяўленыя тыя футбалісты, якіх Мятліцкі памятае з часу сумеснай гульні ў Беларусі. Напрыклад, галкіпэр Валер Шанталосаў. “У час савецкага футболу гэта былі сапраўды моцныя спартоўцы, — сьведчыць былы менскі гулец. — Тое, як мы выкладаліся на трэніроўках, дапамагло нам атрымаць неабходную форму для працы ў заходнім прафэсійным футболе”. Як падаецца Мятліцкаму, пасьля развалу савецкай футбольнай школы многія постсавецкія нацыянальныя каманды нават трэніруюцца далёка ня так інтэнсіўна.

Як піша венскі “Der Standard”, апошнімі днямі Мятліцкаму пастаянна звоняць беларускія спартовыя журналісты. Яны зьвяртаюцца па прагнозы ці нейкія парады. Аднак Мятліцкі адмаўляецца штосьці раіць прадстаўнікам беларускага футболу. Ён лічыць, што гэта яўна не спадабалася б таму ж Гансу Кранклю.

У любым выпадку, гульня ў Менску не абяцае для аўстрыйцаў быць надта лёгкай, — перакананыя аўстрыйскія журналісты. На працягу апошніх двух гадоў чырвона-бел-чырвоныя ня выйгралі на замежных стадыёнах аніводнай гульні. Як піша выданьне “Кleine Zeitung”, аўстрыйцы прымхлівыя і пабойваюцца гуляць ня дома.