ЧАСТКА ПРАДПРЫМАЛЬНІКАЎ МАГІЛЁЎСКАЙ ВОБЛАСЬЦІ ПРАВОДЗІЦЬ 1 КАСТРЫЧНІКА АДНАДЗЁННЫ СТРАЙК

Марыя Ўсьціновіч, Магілёўская вобласьць

Асіповіцкія прадпрымальнікі вырашылі страйкаваць адзін дзень у падтрымку агульнарэспубліканскай акцыі пратэсту. Гэта адзіны раённы цэнтар у вобласьці, дзе на працу ня выйшлі сёньня ўсе прыватныя гандляры.

У Шклове на аднадзённы пратэст рашылася палова гандляроў рынку. На рынках іншых раённых цэнтраў не працуюць адзінкі.

Заплянаваны на 1 кастрычніка сядзячы страйк прадпрымальнікаў Магілёва не атрымаўся. На Савецкую плошчу, дзе меркавалася правесьці акцыю, прыйшлі раніцай толькі некалькі дзясяткаў чалавек.

Старшыня Свабоднага прафсаюзу магілёўскіх прадпрымальнікаў Сяргей Фамін называе прычыну зрыву страйку:

(Фамін: ) “Людзі проста страцілі пачуцьцё салідарнасьці, таму што сёньня менавіта ў Магілёве, у першым рэгіёне праблема з касавымі апаратамі вырашаная”.

Магілёўскія прадпрымальнікі, якія падтрымалі акцыю пратэсту, настроеныя пэсымістычна. Ім падаецца, што наперадзе іх чакаюць новыя непрыемнасьці: а менавіта ўпарадкаваньне неарганізаванага гандлю і ўвядзеньне мыты на ўсе тавары з Расеі.

(Спадарыня: ) “Людзі ў нас зусім не разумеюць, чым гэта пагражае. Запужаныя, “зашуганыя” ўладай. Кожны за сябе”.

(Спадар: ) “Тут адно з двух: альбо ісьці, браць вяроўку і вешацца, альбо ісьці станавіцца ў чаргу беспрацоўных. Толькі і ўсяго!”

Сёньняшні сход прадпрымальнікаў на Савецкай плошчы ў Магілёве праігнаравалі і прадстаўнікі ўлады, і міліцыянты. Лідэр прадпрымальніцкага прафсаюзу Сяргей Фамін прадбачыць спад актыўнасьці прадпрымальнікаў.

(Фамін: ) “У нас прадпрымальнікі прызвычаіліся, што калі праблема ўжо насьпела і заўтра трэба ісьці плаціць, тады яны актыўна падтрымліваюць акцыі пратэсту”.

Паводле афіцыйных зьвестак, усе магілёўскія прадпрымальнікі заплацілі падатак за кастрычнік і маюць намер працаваць.