ЛАТВІЙСКІЯ БЕЛАРУСЫ ХОЧУЦЬ УШАНАВАЦЬ ПАМЯЦЬ ЯКУБА КОЛАСА

Галіна Абакунчык, Менск

Валянціна Нічыпарэнка — уладальніца прыватнага санаторыю “Вікторыя” ў Юрмале — шмат гадоў займаецца аздараўленьнем чарнобыльскіх дзяцей. Падчас сёлетняга візыту ў Менск у складзе суполкі беларусаў Латвіі “Прамень”, якая мае добрыя стасункі з уладамі Беларусі, на афіцыйным прыёме спадарыні Валянціне прапанавалі ўсталяваць у санаторыі скульптурную кампазыцыю ў гонар юбілею Якуба Коласа, з чым яна ахвотна пагадзілася.

(Нічыпарэнка: ) “А пачыналася размова ў Міністэрстве культуры: было б ня кепска, каб народныя майстры зрабілі такую добрую справу. Дзеля таго, каб усталяваць помнік, патрэбны кавалак зямлі. Прапанавалі паставіць у нас. Давайце, я ня супраць”.

Аднак, як высьветлілася, у Беларусі чыноўнікі на свае дамовы забыліся. Гаворыць кіраўнік управы манумэнтальнага мастацтва Міністэрства культуры Барыс Лазука:

(Лазука: ) “Першы раз чую пра гэта. Такая інфармацыя па Міністэрстве культуры не праходзіла”.

Цяпер Валянціна Нічыпарэнка спрабуе зрэалізаваць ранейшыя супольныя пляны самастойна і ўжо дамовілася з прадстаўнікамі беларускага Саюзу майстроў народнай творчасьці, каб тыя прыехалі ў Юрмалу на творчы адпачынак. Дарогу, візы й пражываньне яна аплачвае сама, а за гэта майстры пакінуць у падарунак “Вікторыі” драўляныя скульптуры Якуба Коласа альбо герояў ягоных твораў. Абыякавасьць жа ўладаў на сваёй радзіме латвійскую беларуску не зьдзіўляе. Гаворыць Валянціна Нічыпарэнка:

(Нічыпарэнка: ) “Хто гэта на дзяржаўным узроўні будзе вырашаць? Каму гэта патрэбна? Я ў Менск тэлефанавала разоў пятнаццаць — бяз толку. І цяпер гэта ідзе выключна на асабістых дамоўленасьцях. Спачатку мы ня ведалі,з кім дамаўляцца —колькі часу згубілі на гэтых перамовах, а затым з Саюзам майстроў зьвязаліся, і яны зьбіраліся да нас яшчэ летам прыехаць, але не атрымалася зь візамі. А так мы гатовыя прыняць іх у любы час — і ўжо гатовае дрэва, зь якога яны зробяць. І тое, што гэта будзе, я не сумняюся”.

Старшыня таварыства дружбы “Беларусь–Латвія” Сяргей Панізьнік стаўленьне афіцыйных уладаў да беларусаў замежжа пракамэнтаваў, як агульныя адносіны да ўсяго нацыянальнага, што немагчыма ў іншых дзяржавах. Гаворыць Сяргей Панізьнік:

(Панізьнік: ) “Канечне ж, ім там цяжкавата. Нацыянальныя строі, цымбалы, нейкія музычныя інструмэнты — тое-сёе яны канечне ж атрымліваюць. Але такога апякунства як, да прыкладу палякі ў Даўгаўпілсе, альбо ўкраінцы ў Рызе — няма. Яны між сабой жывуць добра й атрымліваюць ад Бацькаўшчыны падтрымку”.

Вячка Целеш — сябра суполкі беларусаў Латвіі “Сьвітанак” — цяпер рыхтуе мастацкую вечарыну ў гонар Янкі Купалы й Якуба Коласа. Аднак робіць гэта выключна паводле ўласнай ініцыятывы й за сродкі беларускіх бізнэсоўцаў Латвіі. Амбасада Беларусі да імпрэзы не спрычыняецца.