ЛІТАРАТУРА І ЎЛАДА НАРЭШЦЕ РАЗЫШЛІСЯ

Віталь Цыганкоў, Менск

Удзельнікі: сябра Рады Саюзу пісьменьнікаў Уладзімер Арлоў і літаратурны крытык Ганна Кісьліцына

(Віталь Цыганкоў: ) “Зьезд СП, які прайшоў у аўторак, некаторыя літаратары ўжо сьмела называюць гістарычным. Сапраўды, перамагло дэмакратычнае крыло Саюзу, а лідэры той групоўкі, якая выступала за супрацоўніцтва зь цяперашнімі ўладамі (Мятліцкі, Пазьнякоў, Чаргінец, Шамякін) нават не прайшлі паводле вынікаў галасаваньня ў склад Рады Саюзу.

Тут я хачу асабліва адзначыць, што на зьезьдзе прысутнічала ажно тры міністры — адукацыі, культуры і інфармацыі. І відавочна, яны прыйшлі не на апазыцыйнае мерапрыемства, яны спадзяваліся, напэўна, на іншыя вынікі зьезду. І цяпер, калі зьезд прыняў даволі жортскую рэзалюцыю, калі ў выступах падкрэсьлівалася, што дэмакратычнаму пісьменьніку немагчыма супрацоўнічаць зь цяперашняй уладай — пасьля ўсяго гэтага магчыма чакаць нейкіх крокаў з боку гэтай самай улады.

Наколькі пісьменьнікі ўсьведамляюць, да чаго можа прывесьці разрыў паміж Саюзам пісьменьнікаў і ўладай? Ці адказна яны галасавалі за тыя рашэньні, якія былі прынятыя на зьезьдзе?”

(Уладзімер Арлоў: ) “Шчыра кажучы, не зусім разумею, якое яшчэ больш жорсткае стаўленьне могуць чакаць пісьменьнікі да сябе. У тых умовах, калі СП пазбаўлены Дома літаратара, калі некаторыя пісьменьнікі вымушаныя жыць за мяжой, калі мяне, напрыклад, дзясяткі разоў не пускалі на сустрэчы са студэнтамі і школьнікамі. Што можа яшчэ ўлада прапанаваць, каб абмежаваць удзел пісьменьнікаў у жыцьці грамадзтва? Хіба што пісьменьнікі пачнуць зьнікаць, як і палітыкі.

Я думаю, нашай уладзе варта зноў і зноў нагадваць вельмі простыя рэчы. Калі мы кажам пра Беларусь як нацыю паэтаў, гэта не мастацкая гіпэрбала. Бо калі б не беларуская літаратура, то беларусы не ўсьвядомілі сябе нацыяй і ня сталі б зноў дзяржаўным народам. Калі б не беларуская літаратура, то, урэшце, не было б усіх гэтых пасадаў, усёй гэтай піраміды, пачынаючы з пасады прэзыдэнта. І не было б на палітычнай мапе сьвету краіны з назваю “Беларусь”.

(Цыганкоў: ) “Аднак, многія літаратары па-ранейшаму спадзяюцца на нейкае супрацоўніцтва з уладай. Многія пісьменьнікі матэрыяльна залежаць ад улады, яны працуюць у дзяржаўных установах. Так што, відаць, дзяржава яшчэ шмат чаго можа зрабіць.

Яна можа і далей пазбаўляць магчымасьці друкавацца, можа паспрабаваць стварыць іншы Саюз пісьменьнікаў, і ўсе магчымасьці друкавацца, разьмяркоўваць месцы ў літаратурна-творчых выданьнях аддаць менавіта той групоўцы. Ці магчымае такое разгортваньне падзеяў?”

(Ганна Кісьліцына: ) “Мне здаецца, што на гэтым зьезьдзе пісьменьнікі як ніколі адчулі сваю нікчэмнасьць. Мы гаварылі тут, што пісьменьнікі прагаласавалі за дэмакратыю. Але мне здаецца, што гэта быў выбар не на карысьць дэмакратыі, гэта быў выбар супраць прэзыдэнта. Усе, хто прыйшоў у залю, ведалі, што кандыдатура Ліпскага была спушчаная зьверху, і галасавалі супраць улады.

Але яны не гатовыя да самастойнага плаваньня. І гэтая іхная бездапаможнасьць была настолькі відавочная на зьезьдзе, што я думаю, улада гэта зразумее і адчуе. Яны зразумеюць, што пісьменьнікі проста непатрэбныя — ні ў выглядзе новай арганізацыі, ні ў выглядзе старой. Я думаю, улада проста перастане браць пісьменьнікаў у разьлік. Дзеяньне ўлады будзе скіраванае супраць больш трывалых установаў, такіх як ПЭН-Цэнтар,бо гэта людзі, якія трымаюцца пэўнай пазыцыі”.

(Арлоў: ) “Я б не зусім пагадзіўся з Ганнай. Бо ПЭН-Цэнтар і пісьменьнікі — у прынцыпе, адны і тыя ж людзі, і называць іх усіх цалкам бездапаможнымі перад уладай не выпадае. Тым больш у час зьезду адбылася такая дастаткова ўсьцешлівая падзея — своеасаблівая прэзэнтацыя першага нумара новага часопіса “Дзеяслоў”, які выпушчаны ў сьвет былымі супрацоўнікамі “Полымя”. І гэты нумар уразіў ня толькі дызайнам, але і зьместам, і падборам імёнаў. Дарэчы, там зусім не аднадумцы сабраліся на ягоных старонках, але людзі, якіх аб’ядноўвае тое, што і павінна аб’ядноўваць літаратараў — талент”.

(Цыганкоў: ) “Можна сказаць, што апошні канфлікт вакол голдынгу “Літаратура і мастацтва” нейкім чынам пайшоў на карысьць пісьменьнікам. Нарэшце тое, пра што гаварылі шмат гадоў, адбылося — дзякуючы гвалтоўным дзеяньням улады. Пісьменьнікі самі, без дапамогі дзяржавы, стварылі свой уласны часопіс, які, падобна, стане лепшым за дзяржаўныя, якія існуюць сёньня”.

(Кісьліцына: ) “Я якраз гэта і хацела падкрэсьліць. Як пісьменьнікі не патрэбныя ўладзе, гэтак і яны самі зразумелі, што ўлада ім не патрэбная. І мне здаецца, гэта вельмі добры факт, што нарэшце разышліся літаратура і ўлада. Гэта тое, чаго я чакала апошнія 10 гадоў”.

(Арлоў: ) “Калі казаць пра верхнія паверхі ўлады, то прынцыповай розьніцы ў стаўленьні да Саюзу не адбудзецца. Нашыя вярхі глядзелі на Саюз як на апазыцыйную сілу ўжо даўно — я думаю, пачынаючы зь сярэдзіны 90-х гадоў. Што да маральнага аўтарытэту пісьменьнікаў, то, безумоўна, будзе працягвацца замоўчваньне нашых выбітных творцаў, тых, якія сапраўды зьяўляюцца маральнымі аўтарытэтамі.

Красамоўным у гэтым сэнсе быў выступ на зьезьдзе Міколы Мятліцкага. Ён назваў выдатныя, на ягоную думку, творы і выдатных літаратараў, якія сьцьвердзілі сябе за апошнія 10 гадоў, якіх трэба вывучаць у школах. Думаю, ня толькі я, але і абсалютная большасьць дэлегатаў твораў гэтых літаратараў ніколі не чытала, але і ня будзе чытаць — бо там густа пахне графаманіяй. Але можа якраз гэтыя імёны і будуць гучаць у тэле- і радыёперадачах”.

(Цыганкоў: ) “Незадоўга да зьезду у “Экспэртызе Свабоды” мы абмяркоўвалі пытаньне — “Навошта патрэбны Саюз пісьменьнікаў?” Думаю, будзе нялішнім і пасьля зьезду задаць гэтае пытаньне...”

(Арлоў: ) “Безумоўна, Саюз пісьменьнікаў нікога не надзеліць талентам. А нейкімі матэрыяльнымі дабротамі надзяляць ён даўно ня мае магчымасьці. Але ў нашым грамадзтве СП яшчэ не прасьпяваў сваю лебядзіную песьню. Бо літаратарам, асабліва маладзейшым, вельмі важна адчуваць сваю далучанасьць да творчай супольнасьці.

Няхай Саюз і зьяўляецца цяпер “закансэрваванай” арганізацыяй, калі казаць пра ягоныя магчымасьці і ўплыў на грамадзтва. Але для тых, хто жыве ў рэгіёнах, сяброўства ў Саюзе часта дапамагае ў няпростых жыцьцёвых сытуацыях, выкліканых ня толькі іхнай творчай, а найперш грамадзянскай пазыцыяй.

Тут клясычны прыклад — полацкая паэтэса Лера Сом, якую выганялі з працы за тое, што выкладала па-беларуску сваю дысціпліну — маляваньне. Аднак пасьля яе прыёму ў Саюз пісьменьнікаў і дырэкцыя, і мясцовыя ўлады ў гарадзкім аддзеле народнай адукацыі адразу супакоіліся і перанесьлі яе з разраду “нацыяналістак” у нейкі іншы. Дзеці адразу пачалі выдатна разумець яе беларускую мову на ўроках, і ўсе праблемы былі зьнятыя — яна засталася на працы.

Увогуле, ёсьць прыклады існаваньня творчых саюзаў і ў дэмакратычных дзяржавах. Напрыклад, у Швэцыі існуе Саюз пісьменьнікаў, і дзяржава нават выплачвае кожнаму сябру гэтага саюзу стыпэндыю”.

(Кісьліцына: ) “Я б яшчэ дадала, што мы разам з Уладзімерам Арловым уваходзілі ў адну гісторыка-мэмарыяльную камісію, якая закліканая сачыць за тым, як названыя беларускія вуліцы, дзе стаяць помнікі дзеячам беларускай культуры — і гэтая камісія спрабавала зрабіць шмат добрага. Скажам, сэкцыя крытыкі хацела зрабіць канфэрэнцыю па таму ж дзёньніку Максіма Багдановіча.

Зноў-такі, сэмінары маладых літаратараў. Я некалькі разоў была кіраўніком такіх сэмінараў і ведаю, наколькі важна для моладзі далучыцца да культуры. Бо вельмі складана ў 17–19 гадоў адчуваць сябе ў правінцыі нікім. Калі ты ня чуеш гэтага беларускага слова, ня бачыш пісьменьнікаў, ты адчуваеш уласную самоту. Апека, якую маладзёны адчувалі на сэмінарах, была апорай ім многія гады. Нават калі прачытаць успаміны нашых старэйшых пісьменьнікаў — бачна, як яны ўзгадваюць тую ж “Іслач”.

(Цыганкоў: ) “Такім чынам, абодва ўдзельнікі нашай праграмы даволі крытычна ставяцца да Саюзу пісьменьнікаў, але выступаюць за захаваньне гэтай арганізацыі.

Я б яшчэ адзначыў, што ў беларускім грамадзтве дасюль захоўваецца маральны аўтарытэт пісьменьніка — само гэтае слова, гэты статус нясе нейкае высокае значэньне для большасьці людзей. А вынікі зьезду ў цэлым можна ацаніць як яшчэ адзін крок Саюзу пісьменьнікаў ад дзяржаўных структураў у бок грамадзянскай супольнасьці”.