Беларускі амбасадар у Лёндане Валеры Садоха, які заканчвае сваю місію, сустрэўся з маршалам дыпляматычнага корпусу Вялікае Брытаніі Энтані Фігісам і паведаміў яму, што за два апошнія гады беларускі экспарт у Злучанае Каралеўства павялічыўся амаль у 5 разоў.
Як паведамляе МЗС Беларусі, сэр Энтані з задавальненьнем успрыняў інфармацыю пра тое, што да канца бягучага году Вялікая Брытанія зойме 2-е месца пасьля Расеі паводле паказьніка беларускага экспарту, які мусіць скласьці больш за 400 мільёнаў даляраў.
Хаця расейская частка экспарту беларускіх тавараў непараўнальна вялікая — каля 9 мільярдаў даляраў на год, выхад Брытаніі на другое месца ўсё адно вельмі адметны.
Па-першае, гэта азначае скарачэньне экспарту ў суседнія краіны — Літву ды асабліва Латвію, якую ў часы амбасадарства Міхаіла Марыніча называлі “экспартным цудам”, бо туды Беларусь пастаўляла тавараў на паўмільярда даляраў за год.
А па-другое, Вялікая Брытанія апярэдзіла Нямеччыну, якая заўсёды лічылася галоўным зьнешнеэканамічным партнэрам Беларусі на Захадзе. Ужо летась беларускі экспарт у Нямеччыну скарачаўся, а ў Брытанію павялічваўся: у 2000 годзе брытанцы купілі беларускіх тавараў на суму менш за 100 мільёнаў даляраў, а ў 2001-м — больш як на 200 мільёнаў. Атрымліваецца, што экспарт у Вялікую Брытанію штогод павялічваецца ўдвая.
А вось імпарт адтуль, паводле зьвестак беларускага МЗС за першыя пяць месяцаў бягучага году, не расьце й застаўся на ўзроўні 25 мільёнаў даляраў. За тыя ж пяць месяцаў імпарт зь Нямеччыны ў Беларусь быў у 10 разоў большы за брытанскі.
Чым можна патлумачыць такія зрухі ў замежным гандлі Беларусі? Чаму на тле замарожаных палітычных стасункаў пашыраюцца эканамічныя? На думку намесьніка міністра замежных справаў Беларусі Аляксандра Міхневіча, справы складваюцца вельмі спрыяльна.
(Міхневіч: ) “У Эўрапейскі зьвяз аб’ём экспарту за сем месяцаў павялічыўся амаль на 60%. Гэта вельмі добрая тэндэнцыя. Мы ўважліва прааналізавалі структуру беларускага экспарту ў Эўразьвяз, у якой яшчэ вельмі высокая доля тавараў невысокай ступені перапрацоўкі, напрыклад — хімічныя валокны й ніткі, скураная сыравіна, ткані, мэблевыя ці драўляныя паўфабрыкаты. Але ў аб’ёме экспарту іх каля 30%, а ў некаторыя краіны, такія як Францыя і больш — прыпадае на машыны й абсталяваньне. Гэта вельмі добры паказьнік і адпавядае міжнароднаму ўзроўню структуры экспарту”.
Спадар Міхневіч зазначыў, што сёньня больш як 2 мільярды даляраў у замежным гандлі Беларусі прыпадае на краіны Эўразьвязу. А расейская частка ў наступным годзе можа быць у пяць разоў большай — 10 мільярдаў даляраў.