МНОГІЯ ВЕРНІКІ НЕ СПАДЗЯЮЦЦА, ШТО ЎЛАДЫ АДМОВЯЦЦА АД ПРЫНЯЦЬЦЯ ДЫСКРЫМІНАЦЫЙНАГА ЗАКОНУ

Альгерд Невяроўскі, Менск

“Белая кніга” выдадзеная сіламі грамадзянскай ініцыятывы “За свабоднае веравызнаньне”. Гэта зборнік, у якім акрамя новага закону “Аб свабодзе веравызнаньняў і рэлігійных арганізацыяў” апублікаваныя вытрымкі зь беларускай Канстытуцыі, дзе гарантуецца свабода сумленьня, ды шматлікія звароты лідэраў рэлігійных канфэсіяў, палітычных партыяў і грамадзкіх арганізацыяў да ўладаў.

У кнізе таксама зьмешчаныя высновы міжнародных экспэртаў у справе новага закону, прынятага палатай прадстаўнікоў 27 чэрвеня, і шматлікія публікацыі на гэтую тэму зь беларускіх і замежных СМІ.

Гаворыць адна зь лідэраў грамадзянскай ініцыятывы “За свабоднае веравызнаньне” Ірына Жыхар:

(Жыхар: ) “Сёньня мы дакладна ведаем, што 2 кастрычніка савет рэспублікі будзе разглядаць гэты закон. За два з паловай месяца грамадзянская ініцыятыва зрабіла працу, зь якой мы хочам сёньня вас пазнаёміць. Гэта “Белая кніга”. Самае страшнае, калі пачынаецца міжрэлігійны, міжканфэсійны й міжнацыянальны канфлікт. Мы вельмі ня хочам, каб ён адбыўся. Гэта звышмэта нашай грамадзянскай ініцыятывы”.

Арганізатары прэзэнтацыі гавораць, што новы беларускі закон “Аб свабодзе веравызнаньняў” быў разасланы шэрагу экспэртаў з ЗША, Заходняй Эўропы і краінаў суседзяў Беларусі. Выснова гэтых экспэртаў адназначная — такога дыскрымінацыйнага закону, як беларускі, няма нідзе ў цывілізаваным сьвеце. Сваю занепакоенасьць прыняцьцем гэтага закону выказалі ўрад Злучаных Штатаў, Эўразьвяз і многія праваабарончыя арганізацыі.

Гаворыць укладальнік “Белай кнігі” Якаў Басін:

(Басін: ) “Нашая дзяржава сёньня стаіць перад сур’ёзным выбарам. Прыняцьце новага закону можа ня толькі выклікаць рэлігійную дэстабілізацыю ў грамадзтве. Яно адкіне нашае грамадзтва як мінімум на 30–40 гадоў назад, а можа й яшчэ больш. Мы зноў апынемся ў сьпісе рэжымаў, адрынутых міжнароднай супольнасьцю. Нам бы гэтага вельмі не хацелася”.

Укладалальнік кнігі спадзяецца, што прачытаўшы яе, дэпутаты савету рэспублікі й Аляксандар Лукашэнка адумаюцца і хаця б выключаць з закону такія дыскрымінацыйныя палажэньні як рэгістрацыя абшчынаў і аб’яднаньняў, якія налічваюць 20 сябраў ды існуюць у Беларусі ня менш за 10 гадоў, забарона малітоўных сходаў па месцы жыхарства, рэлігійная цэнзура й г.д.

Аднак многія вернікі не спадзяюцца, што ўлады пойдуць на гэта. Гаворыць дэпутат палаты прадстаўнікоў Іван Пашкевіч:

(Пашкевіч: ) “Ці будзе ён прыняты сёньня? На жаль, будзе. Я ў гэтым упэўнены й у мяне няма ніякіх сумненьняў. Таму што я ведаю, хто стаіць за гэтым законам, хто цісьне. Калі намесьнік старшыні палаты прадстаўнікоў спадар Канаплёў кажа, што ён зробіць усё нават у парушэньне канстытуцыі й рэглямэнту, і гэты закон будзе прыняты, ну дык тут ня можа быць камэнтароў”.

Многія пратэстанцкія пастары ўжо рыхтуюцца да працы ва ўмовах падпольля.