(Карэспандэнтка: ) "Спадар Бэрэндт, я хачу засяродзіць вашую ўвагу на тых момантах вашай справаздачы, якія падаюцца спрэчнымі некаторым беларускім палітыкам, як прадстаўнікам апазыцыі, так, дарэчы, і дэпутатам нацыянальнага сходу.
Напрыклад, такая рэч, як зьмена акцэнтаў. Як лічыць лідар БНФ Вінцук Вячорка, вамі на першы плян выстаўляецца пытаньне адмены сьмяротнага пакараньня. Аднак, лічыць ён, у краіне, дзе ёсьць зьніклыя людзі, дзе няма празрыстасьці ў праваахоўчай сістэмы, тэма адмены сьмяротнага пакараньня не павінна быць дамінуючай”.
(Бэрэндт: ) "Сапраўды, мне падаецца слушным гэты аргумэнт. Аднак для эўрапейцаў важна адпавядаць літары Агульнаэўрапейскай канвэнцыі ў справе правоў чалавека, якая забараняе падобнае пакараньне. Хаця я цалкам згодны з тым, што незалежнасьць, празрыстасьць, адкрытасьць судовай сыстэмы ёсьць істотным фактарам, і Рада Эўропы будзе патрабаваць, каб у гэтым накірунку Беларусь зрабіла адпаведныя крокі”.
(Карэспандэнтка: ) "Наступнае пытаньне тычыцца вашых цьверджаньняў наконт таго, што ў нацыянальным сходзе ёсьць нейкія пазытыўныя зьмены настрояў і таму можна гаварыць пра пэўную пэрспэктыву разгляду аднаўленьня гасьцявога статусу беларускага парлямэнту ў Бюро ПАРЭ. Паводле палітыкаў, прычым ня толькі ад апазыцыі, пра пазытыўныя тэндэнцыі казаць рана... Так лічыць дэпутатка нацыянальнага сходу Вольга Абрамава”.
(Бэрандт: ) "Зразумела, я бачу тое, што колькасьць незалежных парлямэнтароў ў нацыянальным сходзе абмежаваная, і шмат парлямэнтароў залежныя ад беларускага кіраўніцтва. У гэтым зьвязку мае чаканьні не настолькі вялікія. Аднак я лічу, што Рада Эўропы абсалютна правільна падтрымлівае ўсе намаганьні парлямэнту да сваёй самастойнасьці, каб ён спрабаваў быць незалежным надалей".
(Карэспандэтка: ) "Спадарыня Абрамава, зь якой я гутарыла напярэдадні гэтай размовы з вамі, лічыць, што такое пытаньне, як аднаўленьне статусу Беларусі ў РЭ, увогуле зараз ніякай ролі для саміх парлямэнтароў не адыгрывае. Гэтым парлямэнтарам засталося ня так доўга працаваць – 2 гады, затое наступны парлямэнт пры любых абставінах Эўропай будзе прызнаны".
(Бэрэндт: ) "Тут, аднак, ня можа быць ніякага аўтаматызму.Тое, ці стане наступны парлямэнт сябрам ПА РЭ, ёсьць выключна кампэтэнцыяй эўрапейскіх парлямэнтароў. Я ўвогуле не лічу, што наступны парлямэнт будзе іншым за гэты".
(Карэспандэнтка: ) "Паводле Вольгі Абрамавай, пытаньні дачыненьняў паміж Беларусьсю і эўраструктурамі хоць і важныя, аднак яны, на жаль, не разьвіваюцца. Падобная статыка не спрыяе рэформам ва ўнутраным жыцьці. Эўропа магла б выкарыстаць сёньняшнюю сытуацыю, калі мяняецца зьнешнепалітычны кантэкст на ўсход ад Беларусі і актывізаваць сваю працу ў розных напрамках: эканамічным, палітычным”.
(Бэрэндт: ) "Чаму ж. Эўропа гатовая да гэтага, аднак яна чакае сьвядомых і ўпэўненых крокаў з боку Беларусі. Але іх пакуль няма. Працягваецца канфлікт з АБСЭ. Па-ранейшаму вядзецца перасьлед журналістаў. Няма ніякіх прыкметаў таго, што ў Беларусі адбываецца лібэралізацыя для таго, каб Эўропа, сапраўды, аказвала нейкую эканамічную падтрымку краіне. Увогуле я ўяўляю так: калі Эўропа прыме рашэньне дапамагаць Беларусі, тады рэжым пераканаецца, што яму трэба быць жорсткім і агрэсіўным, і тады дапамога прыйдзе ў любым выпадку".
(Карэспандэнтка: ) "Апошняе... Вядома, што ў Страсбуры ў вас зараз заплянавана шмат сустрэчаў – з афіцыйнай дэлегацыяй, апазыцыяй, няўрадавымі арганізацыямі. Вы заўсёды падкрэсьліваеце, што РЭ гатовая супрацоўнічаць з усімі палітычнымі сіламі, як, дарэчы, і Бундэстаг. Вы маеце зараз аптымістыстычны настрой адносна будучыні дачыненьняў?”
(Бэрэндт: ) "Наадварот, я настроены пэсымістычна. Аднак кантакты трэба выкарыстоўваць на любым узроўні. Што да посьпеху, то ён можа быць у тым выпадку, калі Беларусь сапраўды захоча нармалізаваць стасункі з Эўропай".