Ляўрэаты па-рознаму ацэньваюць узнагароду, але кажуць, што гэтая падзея прыемная ня толькі маральна, але яшчэ й матэрыяльна.
Іван Шамякін кажа, што прэмія саюзнай дзяржавы не была для яго нечаканасьцю пад “заслону” творчага й жыцьцёвага шляху, калі ўлічыць, што ганаровую ўсесаюзную Сталінскую прэмію ён атрымаў яшчэ на пачатку сваёй пісьменьніцкай працы ў 1950-х гадах.
Паводле пісьменьніка, ён мае шчасьлівы лёс, і прызнаньне саюзнай дзяржавы ёсьць вынікам таго, што ён ніколі не стаяў убаку ад палітыкі й тых падзеяў, якія адбываліся ў краіне, у тым ліку і саюзнай. Акрамя таго, прэмія 17 тысяч даляраў — істотны дадатак да пісьменьніцкай пэнсіі й мізэрных ганарараў, якія яшчэ й выплачваюцца з затрымкай, — кажа Іван Шамякін.
(Шамякін: ) “Слава й грошы — гэта вельмі добра. Ганарары ў нас невысокія, ды й тыя затрымліваюць. Я апублікаваў “Сэрца на далоні”, а ганарар яшчэ не атрымаў. Калі ж слава альбо грошы, то лепш грошы”.
Расеец Аляксей Пятрэнка сьцьвярджае, што для яго ўзнагарода была вельмі нечаканай, але прыемнай навіной. Актор — прыхільнік адзінства славянскіх народаў, таму калі паміж Пуціным і Лукашэнкам распачалася спрэчка адносна існаваньня саюзу, то, паводле ягоных словаў, ён вельмі хваляваўся, каб прэмію раптам не адмянілі. Гаворыць Аляксей Пятрэнка:
(Пятрэнка: ) “Мне абвесьцілі яшчэ ў красавіку. Затым я гляджу, як нашыя дзяржаўныя кіраўнікі — хто каго накаўтуе. Я нават думаў, што ўсё адменяць. Але ж бачыце — усё адбылося”.
Вядомы беларускі драматург Аляксей Дудараў таксама сказаў, што з прыемнасьцю атрымлівае прэмію, але лічыць узнагароду прызнаньнем сваёй творчасьці, бо заўжды быў і застаецца прыхільнікам дзяржаўнай незалежнасьці Беларусі:
(Дудараў: ) “Якая гэтая прэмія? Калі высокую прэмію даюць, то яе даюць за творчасьць. Я сваю думку ніколі не хаваў, я заўсёды выступаў за незалежную Беларусь, я яе заўсёды абараняў і буду абараняць. Але час зараз такі, што штучныя межы з усім сьветам мы паціху павінныя рушыць”.