СЕМ ГАДОЎ ТАМУ НАД БЕЛАРУСКАЙ ТЭРЫТОРЫЯЙ ЗЬБІЛІ АМЭРЫКАНСКІ ПАВЕТРАНЫ ШАР

Севярын Квяткоўскі, Менск

Сёньня пра трагедыю нагадвае валун з надпісам “Прабачце!” на месцы гібелі амэрыканцаў. Камень усталявалі на ўгодкі трагедыі мясцовыя актывісты БНФ.

Сёньня да каменя ўсклалі кветкі. Гаворыць адзін зь сяброў бярозаўскага БНФ Сяржук Русецкі:

(Русецкі: ) “Гэта невялічкі такі валун, на ім выбіты крыж, “12.09.95”, “Прабачце”. Там некалькі пасёлкаў-лецішчаў. І літаральна мэтраў пятнаццаць ад края лецішчаў. Некаторыя людзі нават бачылі, як гэта адбывалася: стралялі, зьбівалася”.

Пазьней улады Бярозы ўсталявалі ля гораду памятны знак з прозьвішчамі загінулых: Ален Фрэнкель і Джон Стуард-Джэрвіс.

Але кіраўнікі Беларусі так і не прызналі сваёй віны. Патлумачылі гэта тым, што спартоўцы нібыта незаконна перасеклі паветраную прастору краіны, праз што, маўляў, несьлі пагрозу дзяржаўнай бясьпецы Беларусі.

Беларуска-расейская ўрадавая камісія нават паспрабавала ўскласьці віну за трагедыю на пілётаў верталёту, але марна, бо вайскоўцы дакладна выконвалі загад вышэйшага кіраўніцтва. Больш за тое, у адным інтэрвію ў незалежнай прэсе лётчык Канстанцін Цімафееў заявіў: ім паведамілі, што яны маюць зьбіць мэтэаралягічны зонд, на якім няма людзей. “Я ніколі не забіваў людзей, — казаў Канстанцін, — я толькі ратаваў у Чарнобылі ў 1986 годзе”.

Лётчыкі належалі да верталётнага палку ў Засімавічах, што пад Пружанамі. Большасьць тых, хто служыў у 1995 годзе ў Засімавічах, ужо звольніліся з розных прычынаў — найперш эканамічных. Год таму Канстанцін Цімафееў таксама звольніўся з узброеных сілаў Беларусі й вярнуўся на радзіму — у Маскву. Там ён працуе адміністратарам у камэрцыйнай краме. Канстанцін дагэтуль не адмаўляецца ад словаў, якія сказаў неўзабаве па трагедыі. У прыватнасьці, пра тое, што ўспрымае гібель амэрыканскіх спартоўцаў як уласны душэўны цяжар.