ШТО МОГУЦЬ ДАЦЬ ГРАМАДЗТВУ НОВЫЯ ЛЁЗУНГІ БЕЛАРУСКАГА КІРАЎНІКА?

Ул. інф.

Рэзка абвінаваціўшы расейскае кіраўніцтва ў тым, што яно не жадае будаваць саюз зь Беларусьсю, а хоча крыміналізаваць краіну і анэксаваць яе, Лукашэнка нібыта пачаў пэдаляваць патрыятычныя пачуцьці грамадзтва, паведамляе DPA i іншыя інфармацыйныя агенцыі.

У гэтым зьвязку швайцарскае выданьне “Neue Zuercher Zeitung” зьвяртае ўвагу чытачоў на такое спалучэньне словаў, як Лукашэнка–патрыёт. Паводле аўтара артыкулу "Новы патрыятызм Лукашэнкі", падобнае спалучэньне выглядае адначасна і нечаканым, і дзіўным. Хто як ня лідэр беларускай нацыі на працягу ўсяго свайго кіраўніцтва імкліва разбураў ўсе тыя здабыткі, якія пасьля распаду СССР ўдалося стварыць колькасна невялікай беларускай нацыянальнай эліце? Паводле аглядальнікаў, у выніку ініцыяваных Лукашэнкам рэфэрэндумаў Беларусь вярнулася да былой савецкай сымболікі і гімну, а нацыянальная мова, якая на пачатку 1990-х перажыла сапраўдны рэнэнсанс, зноў апынулася ў заняпадзе.

Як піша “Neue Zuercher Zeitung”, Лукашэнка павярнуў сваю краіну ў бок савецкіх рэаліяў і эканамічна. Адрозна ад Эстоніі – рэспублікі, разам зь якой Беларуская ССР займала вядучыя пазыцыі ў агульнасавецкай народнай гаспадарцы, Менск вырашыў адмовіцца ад эканамічнай свабоды і аддаў перавагу шляху да поўнай залежнасьці ад Расеі. Пастаяннае падзеньне ўзроўню жыцьця ў Беларусі і зваротнапрапарцыйны рост інфляцыі, карупцыі, эканамічных злачынстваў паступова зьнішчаў сярод насельніцтва маладой дзяржавы веру ва ўласныя сілы. Сёньня большая частка беларускага грамадзтва не выходзіць і наўрад ці выйдзе са стану палітычнай летаргіі. Паводле “Neue Zuercher Zeitung”, гэтыя людзі ня зьвязваюць ніякай будучыні зь нейкімі нацыянальнымі катэгорыямі.

Перад палітычна ангажаванымі прадстаўнікамі Беларусі падзеі 14 жніўня паставілі шэраг надзвычай складаных пытаньняў. Ці варта падзяляць выпакутаваныя нацыянальныя лёзунгі разам з новым беларускім патрыётам, на справе вельмі далёкім ад іх? Што ўвогуле можа быць для беларусаў лепшай Радзімай: зарыентаваная на Захад Расея альбо ўласная краіна, якая ад гэтага Захаду з кожным днём ўсё больш і больш ізалюецца?