ЭПІЦЭНТАР: 11 ВЕРАСЬНЯ

Сяргей Шупа, Прага і Сяргей Навумчык, Нью-Ёрк

Сёньняшняя тэма – 11 верасьня і Беларусь, але спачатку, як і штодня – рэпартаж з нью-ёрскай вуліцы майго калегі Сяргея Навумчыка:

(Навумчык: ) “Вуліца Дэй-стрыт вядомая аматарам добрай, нават шыкоўнай вопраткі, якія, аднак, нязгодныя пераплочваць лішнія грошы за тое, каб набываць яе ў буціках на 5-й авэню, а едуць сюды, на Дэй-стрыт, бо тут таньней. Бало таньней.

Гэтая крама – праз дарогу ад месца, дзе былі “блізьняты”. Адразу пасьля тэрактаў яна была зачыненая, а вось цяпер толькі што аднавіла працу. А вось трохпавярховай кнігарні, куды я заўсёды заходзіў, ужо няма – яна была ў корпусе Ўсясьветнага Гандлёвага Цэнтру. У мяне захаваліся зробленыя летась у верасьні здымкі ювэлірнай крамы на Мэйдэн-лайн, вітрыны якой былі засыпаныя шэрым попелам. Побач у краме “Levi’s” уся вопратка таксама была пад сантымэтровым слоем попелу, колеру джынсаў ці кашуляў было проста не разабраць. Доўгі час уся гэтая тэрыторыя на некалькі кварталаў ад эпіцэнтру катастрофы была мёртвай зонай. Сотні і тысячы бізнэсаў, пачынаючы ад гандляроў хот-догамі і заканчваючы банкамі і магутнымі фінансавымі карпарацыямі былі вымушаныя спыніць дзейнасьць. Днямі падлічылі, што непасрэдныя і ўскосныя страты Нью-Ёрку ад тэрарыстычных актаў – 93 мільярды даляраў.

Але цяпер, калі працы па расчыстцы “граўнд зіро” завершаныя, жыцьцё вяртаецца ў гэтае месца. Калі я выйшаў з мэтро, мне далі буклет зь пералікам фірм, якія аднавілі сваю працу. Кааліцыя адраджэньня Ўол-Стрыт аб’ядноўвае найлепшыя адвакацкія канторы, інвэстэцыйныя банкі, фінансавыя кампаніі, агенцыі нерухомасьці, дробныя бізнэс- і культурныя ўстановы і проста жыхароў, якія паставілі на мэце адрадзіць гэтую частку гораду да таго стану, якой яна была да 11 верасьня – я маю на ўвазе даўнтаўн, ніжнюю частку Манхэтэна. Усім, хто прыйшоў у гэтыя кварталы, прапануецца картка “Do it downtown” – “Зрабі гэта ў даўнтаўне”. Картка дае значныя зьніжкі на пакупкі. Эвэлін Рот, прэзыдэнт шакаладнай фабрыкі, сказала, штовы можаце дапамагчы даўнтаўну, купляючы ў нас. Яна была на гэтэм месцы сорак гадоў, і цяпер бачыць вялікую розьніцу пасьля 11 верасьня. Яна спадзяецца, што ў найбліжэйшы час людзі пачнуць вяртацца ў даўнтаўн.

А вось кіраўнік крамы “Бэрклі” кажа, што цяпер усе бізнэсы пайшлі ўніз, і ён заўважыў, што абслугоўвае на 100 000 чалавек меней, чым раней. Мэнэджэр мэксыканскай рэстарацыі мяркуе, што ўсё, што было згубленае 11 верасьня трэба вярнуць, але вярнуць ня толькі рэстарацыі і крамы, а тое, што прыцягвала людзей у даўнтаўн: музэі, кінатэатры. Я часта бываў раней у даўнтаўне, памятаю атмасфэру гэтых кварталаў – канечне, тое, што ёсьць сёньня, нельга параўноўваць з тым, што было, скажам, два гады таму. Але гэта ня йдзе і ў ніякае параўнаньне зь першымі тыднямі пасьля трагедыі. Раён сапраўды вяртаецца да жыцьця”.


***

А зараз пра адгалоскі тэрарыстычных нападаў у Беларусі.

Катастрофа 11 верасьня тым або іншым чынам закранула ўсе краіны сьвету. Не была тут выняткам і Беларусь, дзе за два дні перад тым адбыліся прэзыдэнцкія выбары. Аднак тое, што здарылася ў Нью-Ёрку і Вашынгтоне, прымусіла на нейкі час забыцца пра выбары, пра безнадзейную прадвырашанасьць іх вынікаў, пра зьвязаныя зь імі надзеі і расчараваньні. Раптам на нейкі момант стала ясна, што ёсьць у сьвеце рэчы важнейшыя.

Падзеі 11 верасьня адгукнуліся ў Беларусі хваляй спачуваньня, пахіснуліся дагэтуляшнія антыамэрыканскія настроі. А вось для беларускай палітыкі наступствы нападаў мелі даволі складаныя наступствы.

Па-першае, шырокаму сьвету было не да беларускіх выбараў. Выклік, кінуты Аляксандрам Лукашэнкам, які “скраў выбары”, блякнуў у сьвятле выкліку міжнароднага тэрарызму. І ў гэтым сэнсе беларускаму лідэру безумоўна пашчасьціла – калі б не 11 верасьня, рэакцыя заходняга сьвету на ягонае “выкраданьне выбараў” магла б быць значна больш жорсткая. Нават калі прамінуў першы шок, стала зразумелым, што цяпер рэсурсы Захаду будуць істотна пераразьмеркаваныя, адцягнутыя на змаганьне з галоўным ворагам.

Але гэта – толькі адзін бок справы.

11 верасьня кардынальна зьмяніла сьвет. У афіцыйнага Менску зьявілася магчымасьць выйсьці зь міжнароднай ізаляцыі і – за прыкладам шматлікіх іншых дзяржаваў – актыўна падтрымаць барацьбу з тэрарызмам. Аднак замест гэтага Аляксандар Лукашэнка – ледзь не дэманстрацыйна – адмовіўся асабіста наведаць амэрыканскую амбасаду, каб выказаць свае спачуваньні ахрярам тэракту.

Далей было яшчэ горш. Пра тое, што Беларусь гандлюе зброяй з сумнеўнымі рэжымамі і групоўкамі, было вядома і раней. Аднак новая сытуацыя, вайна зь міжнародным тэрарызмам прымусілі сьвет і асабліва Злучаныя Штаты паглядзець на Лукашэнкавы гешэфты са зброяй зусім інакш, чым раней.

Вынікам сталася яшчэ глыбейшая ізаляцыя афіцыйнага Менску ў Эўропе і ў сьвеце.

Але самым важным фактарам для Беларусі пасьля 11 верасьня сталася кардынальная зьмена зьнешняй палітыкі Расеі. Прэзыдэнт Пуцін ня толькі рашуча падтрымаў антытэрарыстычную кампанію Злучаных Штатаў, адбылося істотнае збліжэньне Масквы з Захадам.

(Пуцін:) “Тое, што адбылося сёньня, яшчэ раз пацьвярджае важнасьць расейскай прапановы аб’яднаць міжнародныя сілы для барацьбы з тэрарызмам”.

Расейска-амэрыканскае збліжэньне стала моцным ударам па антызаходняй палітыцы Лукашэнкі, фактычна зьнікла ідэалягічная патрэба ў менскім абаронцы Расеі ад заходняй пагрозы. А інтэграцыйны ультыматум Пуціна паклаў канец шматгадовай гульні ў аб’яднаньне, у якой вёў рэй беларускі лідэр. Кальцо ізаляцыі пачало замыкацца і на Ўсходзе.