ПРЫСУДЖАНЫЯ ДА АРЫШТУ СЯБРЫ ІНДУІСЦКАЙ СУПОЛКІ “ШАВА-ШАКТА” АБВЯСЬЦІЛІ ГАЛАДОЎКУ

Любоў Лунёва, Менск

Сёньня ў Цэнтральны суд прыйшлі прадстаўнікі амэрыканскай амбасады, АБСЭ і журналісты. Першым судзілі сьвятара індуісцкай суполкі “Шава-Шакта” Сяргея Акаданава. Папярэднія два паседжаньні ў гэтай справе не адбыліся па віне міліцыянтаў, якія няправільна аформілі пратаколы і не прыйшлі ў суд.

Нагадаем, 17 жніўня каля двух дзясяткаў індуістаў правялі пікет ля рэстарацыі “МакДональдз”, а потым прайшлі на Кастрычніцкі пляц. Яны трымалі плякаты зь лёзунгамі: “Не — дзяржаўна-праваслаўнаму тэрору ў Беларусі!” і “Свабоду рэлігійным мяншыням!”. З таго, што гэта было ўжо другое па ліку затрыманьне (першае — месяц таму), усім удзельнікам пікету пагражае жорсткае пакараньне. Сяргея Акаданава пакаралі арыштам на 10 сутак.

(Акаданаў: ) “Я лічу, што ў нашай няпраўнай дзяржаве гэта самая гуманная мера, якую толькі можа прасіць сабе чалавек. Хоць гэта й гучыць парадаксальна... Але такія абставіны нашага жыцьця. Дзяржаве не хапае грошай і ўсе службы перавялі на самазабесьпячэньне. Таму й памеры штрафаў вар’яцкія. Адзіная крыніца даходу — хапаць грамадзянаў на вуліцы й вымагаць у іх грошы. Чым гэта адрозьніваецца ад рэкету? Не разумею. Мая віна ў тым, што я быў ідэалістам. Я ўспрыняў Канстытуцыю літаральна. Праз усе гэтыя пакуты я зразумеў, што ўсё гэта ілюзіі і ўтопія. Беларусь — няпраўная дзяржава, і беларускі народ сам ня хоча быць вольным. Так, што, наш час яшчэ не надышоў”.

Потым судзілі жонку Сяргея Акаданава Тацяну. Амонавец Максім Казакоў у судзе казаў, што віна індуістаў у тым, што яны сьпявалі песьні “не па-расейску” і пляскалі ў далоні. Тацяну Акаданаву таксама пакаралі арыштам на 10 сутак. Пасьля абвяшчэньня прысуду яна паведаміла Радыё Свабода:

(Акаданава: ) “Ніколі ня думала, што дажыву да такога моманту, калі мяне за веру пасадзяць у вязьніцу. Вось, дажыла... У мяне і ў маёй суполкі адзінае жаданьне, каб нас не турбавалі. Я мяркую, што мы дачакаемся, калі праз пару гадоў Беларусь стане вольнай”.

Тацяна Акаданава разам з мужам абвясьцілі галадоўку.

(Акаданава: ) “Я абвяшчаю галадоўку, таму што паводле нашай рэлігіі прыняцьцё ежы ёсьць таямніцаю. Яно мусіць адбывацца ў чыстым месцы і з годнымі людзьмі. Тое месца, куды мяне вязуць — гэтак званы “адстойнік”, дзе ўтрымліваюць п’яніцаў, бамжоў, злачынцаў. Я не злачынца. Я не хачу есьці ежу, прыгатаваную ў той установе. Лепш буду галадаць”.

Сяброў індуісцкай суполкі Зьмітра Алісевіча і Аляксея Раманчука таксама пакаралі арыштам на 10 сутак. Такім чынам чацьвёра з затрыманых удзельнікаў пікету ўжо апынуліся за кратамі. Астатніх будуць судзіць цягам тыдня.

У судзе індуісты паведамілі, што некалькіх сябраў суполкі невядомыя людзі жорстка зьбілі. Гаворыць намесьніца патрыярха гэтай царквы ў краінах СНД Натальля Салаўёва:

(Салаўёва: ) “Мы разьлічваем толькі на дапамогу грамадзкасьці ды на сродкі масавай інфармацыі. Сёньняшнія суды наглядна прадэманстравалі судовае свавольле ў Беларусі. Фізычная расправа над сябрамі суполкі сьведчыць пра сур’ёзнасьць намеру гэтай дзяржавы раз і назаўжды расправіцца зь непажаданымі індуістамі. На сёньняшні дзень ад рук невядомых пацярпелі кіраўнікі беларускай суполкі “Шава-Шакта” і яшчэ пяцёра сябраў суполкі. Мы нікуды не зьвярталіся, бо ня верым, што ў гэтай краіне магчымае праўнае рашэньне нашага пытаньня”.