ПАСЬЛЯ ЎВЯДЗЕНЬНЯ НОВЫХ МЫТНЫХ ПРАВІЛАЎ ЧЭРГІ НА ПАМЕЖНЫХ ПЕРАХОДАХ СТАЛІ ДАЎЖЭЙШЫЯ

Алег Супрунюк, Берасьце

Чарга аўтамабiляў на памежным пераходзе "Варшаўскi мост" каля Берасьця сёньня расьцягнулася прыкладна на два кiлямэтры. З польскага боку ў чарзе стаяла яшчэ больш аўтамабiляў – пераважна зь беларускiмi нумарамi. Ужо пасьля перасячэньня мяжы яны распавядаюць, што памежны i мытны кантроль зараз iдзе вельмi марудна. Большасьць аўтамабiляў падлягае дадатковаму агляду беларускiх мытнiкаў. У першую чаргу яны зьвяртаюць увагу на набытую ў Польшчы сельгаспрадукцыю i патрабуюць, каб яе вага складала ня больш за 10 кiляграмаў на кожнага чалавека. У iншым выпадку мытнiкi абавязваюць кiроўцаў пакiдаць лiшкi харчоў на польскай тэрыторыi. Пакуль гэта ня будзе зроблена, машынам забаронены праезд праз мяжу.

Значна менш цяпер вывозяць праз памежны пераход будаўнiчыя матэрыялы i бытавую тэхнiку, якiя таксама карысталiся попытам у беларусаў, што наведваюць Польшчу. Мытнiкi адсочваюць, каб кошт увезенага на Беларусь тавару не перавышаў адну тысячу амэрыканскiх даляраў, а ягоная агульная вага складала ня больш за 50 кiляграмаў. Калi гэтыя нормы не вытрымлiваюцца, уладальнiк тавару абавязаны сплацiць мытную пошлiну памерам у 30%, альбо аформiць груз паводле правiлаў, усталяваных для юрыдычных асобаў. Для большасьцi перавозчыкаў гэта нявыгадна, таму Польшчу яны наведваюць радзей. Пра тое, як адбiлiся апошнiя зьмены ў мытным заканадаўстве на звычайных грамадзянах, распавядае адзiн зь берасьцейскiх кiроўцаў.

(Кiроўца: ) "Паўплывала, канечне. Хто гэтым займаўся, таму стала горш. Але ўсё роўна ў нас людзi разумныя i шукаюць выйсце. Таму што гэта – першакрынiца заробку. Няма нiдзе працы зараз, i таму нiчога iншага не застаецца рабiць".

Намесьнiк начальнiка берасьцейскай мытнi Канстанцiн Руцкi паведамiў, што з-за вялiкiх чэргаў на аўтамабiльных пераходах больш людзей пачалi вяртацца з Польшчы цягнiкамi. Але i тут мытнiкi змагаюцца з тымi, хто спрабуе ўвезьцi на Беларусь шмат тавараў. Гаворыць Канстанцiн Руцкi:

(Руцкi: ) "У нас у чым асаблiвасьць: у цягнiку пасажыр бярэ паклажу ў рукi. Ён i возьме 50 кiляграмаў. Адзiная праблема ў тым, што ёсьць перавозчыкi, якiя раздаюць тавар спадарожнiкам i кожны вязе, напрыклад, па 40 кiляграмаў. Агулам атрымлiваецца 120. Было два такiх выпадкi – мы iх спынiлi".